Читать «Маці Ветру» онлайн - страница 15

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

— Жыў! Жыў! Чуеце вы? Жыў!

За шуламі варот ужо стаялі асядланыя коні з узорнымі перакіднымі торбамі, і корд Ветру быў прытарочаны да сядла варанога жарабца. І поруч стаяў белы конь Агаты.

А сам Вецер з Агатаю стаялі на каленях перад маткаю, якая за гэтыя дзве ночы зусім пасівела. Вочы на паўтвару, ліхаманкавы румянец, чорнае пакрывала на плячах і такі ж, як раней, стройны, прамы стан.

Маці бласлаўляла іх, ламала над галавою “чужынскую стралу” і шаптала апошнюю ваенную замову:

— Ад страляння чужынскага, ад сухоты агнявой — косткі і мяса, сэрца і ныркі, жылы і печань, мазгі і вочы, і уды тайныя хай моцнымі будуць... ...ад корда і шаблі, рацішча і пулгака, нажа і шыбня, шастапёрка і аркана, і дубіны з крэмню і дубу, і каменнай сякеры, ад удару шчытом, ад дзіды і стралы — хай моцнымі будуць косткі і плоць і кроў...

...сілы дай, калі вораг перакуліць і занясе нож, даць яму нагою ў прычыннае месца...

...на ворага няхай перад бойкаю нападзе трасенне яго ступіц, і жылы падкаленнай, і нядужасць рукі, і цемра ў вачах...

Яна шаптала даволі доўгі час, і Вецер чуў толькі асобныя ўрыўкі, калі яна пачала чытаць, дзеля папярэджання, замовы “на ратных”. Ён не верыў, але пакрыўдзіць маці не мог Яму было ўсё адно, будуць чытаць нешта або зусім не будуць, і ён толькі адмячаў у галаве:

“Вось ад ліхаманкі, калі спіш на зямлі, вось ад таемнай атруты ворага, а вось ад крыві”.

І яшчэ шмат чаго. Доўга-доўга шаптаў голас маці, быццам яна ў апошнюю гадзіну ад усяго жадала абараніць сына. І ўрэшце ўвесь запас замоў скончыўся, і яна не магла больш нічога прыпамятаць, а таму з цяжкім уздыхам сказала:

— Ну вось і ўсё. Зараз вы... як за тоўстым мурам.

Яна не ведала, што не ад такой смерці і не ад зброі скончыцца бліскучае жыццё яе сына, што ад такой смерці яна не замовіла яго, бо такой страты не бачыла яшчэ зямля, сытая крывёю.

І маці яшчэ сказала толькі:

— Думаеш, жонка лепшая за матку, якая ўчора спудзілася твайго корда. Няўжо ты думаў, што я баялася смерці? Я ведала, што ты можаш, не памятаючы сябе, ударыць кордам. І я не жадала, каб хтось сказаў: гэта той, што забіў сваю матку, — чаго ідзяцё за ім, людзі? Пра цябе думала я нават і тут. А ты падумай, хіба свеціць мне сонца, калі яно не свеціць табе?

І праз хвіліну прыбавіла:

— Даруй мне, сынку, за гэтую пакуту. Але лепей гэта, ніж імя Ветру ў ліку здраднікаў.

Вецер пацалаваў зямлю ля ног маці:

— Я не дакрануся рукою да сябра, толькі яна будзе даваць мне корд і каня. Бывай, матулька. Дзякуй табе за ўсё.

Маці ўладна (Вецер не пратэставаў, ён ведаў — так трэба) абхапіла яго галаву, прыцягнула яго да сябе і пацалавала сына ў пакуль што чысты белы высокі лоб, аддала апошні пацалунак яму, які ішоў на крыж. Яна не енчыла над ім, як тая, іншая, яна стаяла проста і горда, бяздоннае сэрца, вялікая беларуская маці.

І пакуль дзве постаці на конях не зніклі ў пушчы, яна глядзела ім услед, быццам жадала назаўсёды зберагчы ў параненым да смерці сэрцы стройную постаць сына, доўгае залацістае валоссе яго і маленькую фігурку, што ехала поруч з ім на белым коніку, паклаўшы белую ручку на яго плячо.