Читать «Маці Ветру» онлайн - страница 14

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

— Не гані мяне. Зараз усё адно. Гэта я выпадкова пачула, я свядома чакала, пакуль ты заснеш, бо ты ж бы прагнаў мяне. Гэта ж я цалавала твае рукі. Мне ўсё адно, якія яны, яны песцілі мяне ў добрую гадзіну. Я прыціскалася да тваіх грудзей — яны для мяне такія ж добрыя, як і раней, і тваё сэрца такое ж справядлівае і велікадушнае. Чаго б гэта я была вартая, пакінуўшы цябе, самотнага ў такой бядзе? Ты ж мой муж, заручаны. Я ж захавальніца хатняга агню. Каханы, не злуйся на мяне. Зараз усё адно.

І сапраўды, зараз было ўсё адно.

Гарачая хваля пяшчоты, удзячнасці, захаплення затапіла сэрца Ветру. Не маючы змогі ўтрымацца на нагах, ён паваліўся перад ёю, лавіў яе рукі, цалаваў іх, такія маленькія, халодныя ад расы, і голасам, перарывістым ад рыданняў, толькі і мог выціснуць:

— Любая! Даруй... даруй!

Яна заціснула яму далонню рот, але ён вызваліўся.

— Але як, як магла ты так рашуча пайсці на гэта?!

Яна не адказала. Яна проста апусцілася на траву, бліжэй да яго, узяла яго руку і абвіла яе вакол сваёй шыі.

Ён маўчаў, і яна сама, першая, пацалаваля яго ў вусны, і толькі тады ён адчуў, як перарывіста то прыціскаюцца, то ледзь аддаляюцца яе вусны, як запракінуўся яе стан, як вочы яе з небывалым, дзіўным выразам глядзяць на яго, зразумеў, што няма зараз і потым не будзе такой, як яна, — і прачнуўся да жыцця.

Усё бліжэй і бліжэй адны да адных былі іхнія вочы, усё бліжэй адчувалі яны адно аднаго і, урэшце, сталі адным, неразрыўным: вусны аднаго на вуснах другой, вочы аднаго ў вачах другой.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Калі лёгкі вецер зашапацеў у верхавінах дрэў, калі зоры пачалі стомлена мігаць і хмель стаміўся абвіваць дрэвы, яна заснула, прыпаўшы тварам да яго моцнай і цвёрдай рукі.

Яны ляжалі пад адным плашчом, і Агата, прытуліўшыся да яго (быццам баялася згубіць), уздрыгвала, нешта гаварыла і ледзь чутна стагнала ў сне.

Недзе спявалі жабы. Была ціша.

“Бервяно, жывёла, — думаў пра сябе Вецер, — увесь дзень так мучыў і абражаў маці і яе”.

З пяшчотай, удзячнасцю, здзіўленнем паглядзеў Вецер на надламаныя бровы, дрыжачыя доўгія веі, дзіцячы рот, пахучыя валасы, на ўвесь гэты мілы, зараз назаўсёды родны твар.

VI

Ранняй раніцай свісцелі івалгі, апошні крык леляка гучэў з лясное цемры. Быццам страшная навальніца праімчалася над маленькім пачынкам, над драўляным будынкам маці Ветру, пакінуўшы пасля сябе бязбурнае і чыстае паветра.

Маленькія галасістыя птушкі цывікалі ў лістоце: кожнае маленькае птушынае цельца разрывалася ад самазабыццёвай радасці жыцця. Яны пазбыліся жахаў яшчэ адной ночы.

— Жыць! Жыць! Жыць!

— Жыў! Жыў! — адказвалі вераб’і.

— Жывы вы? Жывы вы? — пыталася кнігаўка ў небе над мокрымі сожскімі лугамі.

— Так. Так, — спрабаваў апошнім каленцам сцвердзіць салавей у калінавым кусце, але прыпамятаў, што не яго час, і сарамліва заціхнуў.

І Вецер таксама жадаў стаць тварам да сонца і красак і мокрых, пахучых лісцяў бэзу, якія абдаліся за ноч халоднай расіцаю і крычаць: