Читать «Маленькi прынц» онлайн - страница 7
Антуан де Сент-Экзюпери
- Ты разважаеш, як дарослыя! - сказаў ён.
Мне стала трошкi сорамна. А ён бязлiтасна дадаў:
- I ўсё ты блытаеш!.. I нiчога ты не разумееш!
Так, ён раззлаваўся не на жарт. Ён страсянуў галавой, i вецер раскудлачыў яго залатыя валасы.
- Я ведаю адну планету, там жыве такi Пан з пунсовым тварам. Ён нiколi не нюхаў кветкi. Нi разочку не глянуў на зорку. Ён нiколi нiкога не любiў. I нiколi нiчога не рабiў. Ён заняты толькi адным: лiчэннем. Цэлымi днямi напралёт ён, як ты, паўтарае адно i тое ж: "Я чалавек сур'ёзны! Я чалавек сур'ёзны!" I проста ледзь не лопаецца ад гордасцi. Але гэта не чалавек, гэта грыб!
- Хто, хто?
- Грыб!
Маленькi прынц нават збялеў ад гневу.
- Мiльёны гадоў у кветак растуць калючкi. I мiльёны гадоў баранчыкi ўсё-такi ядуць кветкi. I гэта не сур'ёзна - знайсцi адказ, зразумець, навошта кветкi гэтак сiляцца выпусцiць калючкi, калi ад гэтых калючак нiякага толку? Гэта не важна - вайна баранчыкаў i кветак? Гэта не сур'ёзней i не важней вылiчэнняў надзьмутага пунсовага Пана? I калi я ведаю адзiную ў свеце кветку, якая iснуе толькi на маёй планеце, а нейкi баранчык як-небудзь наранку, бяздумна, у iмгненне вока можа загубiць яе - гэта зусiм не важна?
Ён пачырванеў, але гаварыў далей:
- Калi любiш кветку - адзiную, якой больш няма нi на адной з мiльёнаў i мiльёнаў зорак, гэтага дастаткова: глядзiш на неба i адчуваеш сябе шчаслiвым... I думаеш: "Недзе там жыве мая кветка..." А калi баранчык з'есць кветку, то гэта будзе тое самае, як бы раптоўна згаслi ўсе зоркi! I гэта, па-твойму, зусiм не важна?
Нечаканае рыданне абарвала яго словы. На пустыню ўжо апусцiўся вечар. Я адкiнуў свае iнструменты. Якiмi недарэчнымi выглядалi цяпер i малаток, i вiнт, i смага, i сама смерць!.. На адной з зорак, на адной з планет, на маёй Зямлi горка плакаў Маленькi прынц, i яго трэба было суцешыць. Я ўзяў яго на рукi i пачаў калыхаць. Я казаў яму: "Кветцы, якую ты любiш, нiчога не пагражае... Я намалюю твайму баранчыку аброцьку... Я намалюю агароджу для тваёй кветкi... Я..." Я не надта ведаў, што казаць, i адчуваў сябе дужа няёмка. Я не ведаў, як дайсцi да яго сэрца, чым крануць яго... Краiна слёз такая таемная...
VIII
Неўзабаве я ўжо добра ведаў, што гэта за кветка. На планеце Маленькага прынца адвеку раслi звычайныя, сцiплыя краскi ў адзiн венчык пялёсткаў, якiя амаль не займалi месца i нiкому не замiналi. Уранку яны ўсходзiлi ў траве, увечары прападалi. Але аднойчы з насенiнкi, занесенай невядома адкуль, паказаўся парастак, зусiм не падобны на iншыя былiнкi. Маленькi прынц вельмi сачыў за iм. А раптам гэта якая-небудзь новая разнавiднасць баабабу?! Але кусцiк хутка перастаў расцi i пачаў рыхтаваць кветку. Маленькi прынц, якi ўбачыў вялiкi бутон, адчуваў, што ў iм нейкi цуд, але кветка ўсё прыхарошвалася i прыхарошвалася ў прытулку сваёй зялёнай святлiцы. Яна няспешна апраналася, адзiн за адным прымервала пялёсткi. Яна нё хацела з'яўляцца на свет ускудлачанай, як нейкi там мак-самасейка. Ёй хацелася паказацца ў поўным бляску свайго хараства. Гэта была страшэнная какетка! Дзень за днём яна рыхтавалася да выхаду ў свет. I вось аднойчы ранiцай, якраз на ўзыходзе сонца, бутон раскрыўся.