Читать «Маленькi прынц» онлайн - страница 26

Антуан де Сент-Экзюпери

Усё гэта так загадкава, незразумела-дзiўна. Вам, хто таксама палюбiў Маленькага прынца, як i мне, гэта зусiм, зусiм не ўсё роўна: увесь свет робiцца для нас iнакшым ад таго, што дзесьцi ў невядомым куточку Сусвету баранчык, якога мы нiколi не бачылi, можа, ужо з'еў незнаёмую нам ружу...

Гляньце на неба. I спытайцеся ў сябе: красуецца яшчэ тая ружа цi не? А раптам баранчык з'еў яе? Убачыце, як усё пераменiцца...

I нiколi нiводны дарослы не зразумее, як гэта важна!

Гэта для мяне сама прыгожая i сумная мясцiна на свеце. Гэта той самы куточак пустынi, што намаляваны i на папярэдняй старонцы, але я намаляваў яго яшчэ раз, каб вы лепей разглядзелi яго. Менавiта тут Маленькi прынц з'явiўся на Зямлi, а потым знiк.

Уважлiва прыгледзьцеся да малюнка, запомнiце гэты куточак да драбнiцы, каб маглi пазнаць яго ў пустынi, калi вам некалi, можа, давядзецца падарожнiчаць па Афрыцы. I калi вам надарыцца праходзiць гэтымi мясцiнамi, малю вас, не спяшайцеся, супынiцеся на хвiлiнку пад гэтай зоркай! I калi да вас падыдзе невялiчкi золатавалосы хлапчук, калi ён будзе звонка смяяцца i не будзе адказваць на вашы роспыты, - вы ўжо, несумненна, здагадаецеся, хто гэта такi. То майце ласку! Здымiце з сэрца майго гэтую журбу: хутчэй напiшыце мне, што ён вярнуўся...