Читать «Слова аб палку Ігаравым, Ігара, сына Святаслаўлева унука Алегава» онлайн - страница 8
Автора без
Алег Гарыслаўліч — Алег Святаславіч (пам. у 1115 г.), дзед Ігара. Міжусобіцы гэтага князя прынеслі многа гора Рускай зямлі, за што яго ў народзе і празвалі Гарыславічам.
...жыццё Дажджбожага ўнука... — г. зн. рускага народа.
Карына, Жэля — міфічныя вобразы, якія ўвасаблнюць плач, смутак.
...наводзячы смагу людзям у полымі рогу... — маецца на ўвазе якісьці пахавальны звычай.
...пабыло каля Плеснеску на балоні, каля нетраў Кісані... — цёмнае месца, адно з самых цяжкіх у сэнсе тлумачэння.
Бусавы часы... — Бус — відаць, адзін з вядомых сваімі перамогамі палавецкіх ханаў.
...помсту лялеюць Шараканаву... Шарукань — палавецкі хан (дзед Канчака), які пацярпеў паражэнне ад рускіх войскаў у 1106 г.
«О мае сыноўцы, Ігару і Усеваладзе!..» — сыноўцы — пляменнікі; тут у больш шырокім сэнсе, бо на самай справе Ігар і Усевалад былі стрыечнымі братамі Святаслава, старэйшага ў родзе.
...з магутамі і з татранамі, і з шальберамі... — некаторыя даследчыкі «Слова» лічаць, што гэта назвы плямён цюркскага паходжання, якія служылі ў чарнігаўскім войску.
Рымаў — горад, захоплены і зруйнаваны полаўцамі пасля перамогі над Ігарам.
Туга і нудота Глебаву сыну! — маецца на ўвазе пераяслаўскі князь Уладзімір Глебавіч, які неўзабаве пасля заняцця Рымава быў цяжка паранены ў баі з полаўцамі.
Княжа вялікі, Усеваладзе! — Усевалад III Юр'евіч «Большое Гнездо» (1154—212).
...удалымі Глеба сынамі... — дзецьмі князя Глеба Расціславіча Усеваладам і Уладзімірам.
Ты, буй-Рурыча, й Давідзе!.. — Рурык — князь перамышльскі, Давід — князь смаленскі; абодва браты Распіславічы — удзельнікі паходу супраць полаўцаў у 1183 г.
Галіцкі Асмамысле Яраслаўле! — магутны галіцкі князь.
Угорскія горы — венгерскія Карпаты.
...буй-Рамане, і Мсціслаўле! — відаць, маюцца на ўвазе Раман Мсціславіч, князь уладзіміра-валынскі (1169—1202?), і яго стрыечны брат Мсціслаў Яраславіч, князь луцкі (пам. у 1226 г.).
Хінова, Літва, Дарамела, яцвягі... — тут: народы і плямёны, з якімі ваяваў Раман Мсціславіч; хінова — відаць, славянская назва гунаў; яцвягі, дарамела — літоўскія плямёны. Рось — правы прыток Дняпра. У той час — пагранічная з палавецкім станам рака.
Інгвар і Усевалад і ўсе тры Імсціслаўлічы — не благога гнязда птахі шасцікрылыя... — маюцца на ўвазе браты Інгвар і Усевалад Яраславічы, а таксама, відаць, сыны Мсціслава Ізяславіча — Раман, Святаслаў, Усевалад — князі валынскія. Эпітэт «шасцікрылыя» ідзе ад асаблівасці апярэння крылаў сокала.
Ізяслаў Васількавіч — праўнук Усяслава полацкага, які адзіны з усіх знясіленых міжусобіцамі полацкіх князёў «перабіў» дзедаву славу, здолеў даць адпор літоўцам, аднак сам загінуў у бітве з імі ў 1185 г.
Не было тут брата Брачыслава, ні другога Усевалада... — тут маецца на ўвазе князь ізяслаўскі і віцебскі Брачыслаў Васількавіч. Усеваладам памылкова названы ў перакладзе, як і ў тэксце «Слова», Усяслаў Васількавіч, князь віцебскі (другі таму, што раней у «Слове» ўпамінаецца яго прадзед Усяслаў Брачыславіч).
У сёмы Траянавы век жэрабя кінуў Усяслаў аб дзяўчыне, мілай сабе... — сем - эпічнае абазначэнне даўнасці; жэрабя кінуў... аб дзяўчыне мілай... — тут: выклік, што кінуў лёсу Усяслаў, які ў час паўстання кіяўлян супраць іх князя заняў кіеўскі пасад.