Читать «Слова аб палку Ігаравым, Ігара, сына Святаслаўлева унука Алегава» онлайн - страница 6
Автора без
X
Пяюць дзіды на Дунаі. Яраслаўны голас чуецца. Беспрыпыннаю зязюляй раным-рана галосіць:
«Паляту, кажа так, па Дунаю зязюляй, абмачу рукаво бабровае ў Каяле-рацэ, абатру князю раны яго на магутным на целе яго».
Яраслаўна зрання плача ў Пуціўлі на сцяне, наракаючы:
«О вецер, вятрыска! Чаму ты насільна так вееш? Чаму імчыш ханскія стрэлы на лёганькім крыллі сваім ды на вояў мужа майго? Ці ж веяць мала табе ўгары пад аблокі, лялеючы ў моры сінім караблі? Чаму ты вясёласць маю па кавыллі развеяў?»
Яраслаўна зрання плача ў Пуціўлі-горадзе на сцяне, наракаючы:
«О Днепру Славуцічу! Горы каменныя ты перасек скрозь зямлі Палавецкае; чоўны лялеяў ты на сабе Святаслаўлевы к войску Кабякаву. Прылялей жа й мужа майго да мяне, каб рана я слёз не ссылала на мора к яму!»
Яраслаўна зрання плача ў Пуціўле на сцяне, наракаючы:
«О светлае сонца, прасветлае! Усім ты нясеш і цяпло, і красу. Нашто ж нанясло ты свой промень гарачы на вояў тых мужа майго? На полі бязводным ім смагаю лукі звяло, а ўтулы тугой ім заткала!»
XI
Прыснула мора з поўначы, смерчы імгламі ідуць. Князю Ігару Бог знача дарогу з зямлі Палавецкай на Рускую зямлю, дзе бацькаў пасад яго жджэ.
Патухла вячэрняя зорка.
Ігар спіць, Ігар вока не зводзіць, Ігар думкаю мерае поле ад Дона вялікага к малому Данцу.
Апоўначы свіснуў Аўлур за ракою каню, разумеці загадвае князю.
А князя Ігара няма!
Клікнуў — дрыгнула зямля, зашумела трава, палавецкія вежы ўспужаліся.
А князь Ігар к трыснягу гарнастаем панёсся і гогалем белым паймчаўся к вадзе. На быстрага рынуў каня, саскочыў з яго босым воўкам, к логу Данца пакаціўся й паляцеў сокалам пад імгламі, забіваючы гусі і лебедзі к снеданню, полудню й вячэры.
Як Ігар паляцеў сокалам, тады воўкам Аўлур пакаціўся, абіваючы росы сабою сцюдзёныя: падарвалі бо коней сваіх быстраногіх.
І кажа рака Данец:
«Княжа Ігару! Не мала вялічча табе, Канчаку дакукі, а радасці Рускай зямлі!»
А князь Ігар кажа:
«О Доньча! Не мала вялічча табе, што лялеяў ты князя на хвалях і зялёную траву яму падсцілаў на сваіх берагах срэбраных, адзяваючы цёплымі ймгламі яго пад ценем зялёнага дзерава, і сцярог на вадзе яго гогалем, чайкамі на ручаях, чарнедзямі на ветрах. Не такая, кажа, рака Стугна. Маючы вузкі працёк, праглынуўшы чужыя ручаі й распасцёршы хвалі к утоку, князю Расціславу маладому берагам цёмным Дняпро зачыніла. Плачацца маці Расціслаўля па сваім маладым князю Расціслаўлю. Кветкі жальбою занылі, а дрэва з тугою к зямлі накланілася».
Не сарокі так застракаталі: гэта едзе Ігаравым следам Гза з Канчаком. I тады груганы не закрумкалі, галкі замоўклі, сарокі не стракаталі, па лозах паўзлі толькі. А дзятлы тукатам к рэчцы шлях паказваюць, салавейкі вясёлымі песнямі раніцу згадваюць.
I гаворыць Гза Канчаку:
«Калі сокал ляціць да гнязда, мы застрэлім саколіча стрэламі сваймі залатымі!»
А Канчак Гзе адказвае:
«Калі сокал ляціць да гнязда, мы сакольца апутаем краснаю дзевай!»
А Гза кажа Канчаку:
«Калі мы яго дзеваю краснай апутаем, мець не будзема мы ні саколіча, ані краснае дзевы, ды пачнуць нас тады біці птахі ў полі Палавецкім!»