Читать «Слова аб палку Ігаравым, Ігара, сына Святаслаўлева унука Алегава» онлайн - страница 2

Автора без

Ігар к Дону войска вядзе.

А ўжо бяда яго пасець птаха па дзераву, ваўкі па ярах нядобрае варожаць; арлы клекатам звяр'ё завуць косці збіраць; лісіцы брэшуць на шчыты бліскучыя.

О зямля Руская, ты ўжо за рубеж перасягнула!

Доўга ноч танула ў мроку; зараніца досвіт набліжала; імгла поле засланіла; заснуў свергат салавейчы; гоман галічы ўзбудзіўся.

Русіны поле шырокае загарадзілі шчытамі бліскучымі, шукаючы чэсці сабе, а князю — славы.

III

Спазаранку ў пятніцу, патаптаўшы паганае войска палавецкае і рассыпаўшыся стрэламі па полі, паімчалі прыгожых дзяўчат палавецкіх, а з імі золата і папоны, і аксаміты дарагія; плашчамі, апоньчамі і кажухамі ды ўсялякімі палавецкімі тканінамі ўзорнымі пачалі масты масціць па балотах і гразкіх мясцах.

Сцяг чырвоны, харугвя белая, чырвоны бунчук, сярэбраная дзіда — Святаслаўлічу Храбраму!

Дрэмле ў полі Алегава гняздо харобрае. Далёка заляцела! Не было яно зроджана ў крыўду ні сокалу, ні крэчату, ні табе, чорны гругане, паганы палаўчаніне!

Гза бяжыць шэрым воўкам, Канчак яму знача след к Дону вялікаму.

На другі дзень вельмі рана крывавыя зоры світ узнімаюць, чорныя хмары з мора ідуць, хочуць прыкрыці два сонцы, а ў хмарах маланкі мігаюцца сінія.

Быці вялікаму грому! Ісці дажджу стрэламі з Дону вялікага! Тут паламаціся дзідам, тут пашчарбаціцца шаблям аб шоламы палавецкія на рэчцы Каяле, ля Дону вялікага.

О Руская зямля, ты ўжо за рубеж перасягнула!

Вось ветры, Стрыбожыя ўнукі, павеялі стрэламі з мора на храбрае войска Ігарава. Дудніць зямля; рэкі мутна цякуць; порась поле пакрывае; сцягі гамоняць.

Ідуць полаўцы ад Дона і ад мора, і ад усіх старон рускае войска абступілі. Дзеці нячысцікавы клікам поле перагарадзілі, а русіны храбрыя загарадзілі яго шчытамі чырвонымі.

Яр-тур Усеваладзе! Стаіш у барацьбе й засыпаеш ты вояў варожых стрэламі, грыміш ты аб шоламы мячамі сталёвымі. Дзе толькі даскочыш, сваім залатым, тур, свецячы шоламам, ляжаць там паганыя галовы палавецкія. Пашчапаны гартоўнымі шаблямі й шоламы аварскія ад цябе, яр-тур Усеваладзе!

Якая цана ранам, брацця, таму, хто забыўся пачоту, й жыцця, й Чарнігава-горада, за-быўся на бацькаўскі стол-пасад залаты, на сваю мілую пяшчоту, ясную Глебаўну, на звычай і абычай!

IV

Былі векі Траянавы, прамінуліся леты Яраслаўля. Былі паходы Алегавы, Алега Святаслаўліча: той бо Алег мечам разруху каваў і стрэлы сеяў па зямлі. Ступае са звонам у стрэмя злачонае ў горадзе Тмутаракані, той звон даўны чуе вялікі Яраслаўлін сын Усевалад, а Уладзімір кожну раніцу затыкаў вушы ў Чарнігаве. Барыса ж Вячаслаўліча нядобрая слава на суд прывяла на апошні і ў зялёным зацінні каяльным божую пасцель паслала за крыўду Алегаву, маладога і храбрага князя. 3 таей жа Каял-ракі Яраполк палялеяу між угорскімі інаходамі бацьку свайго да Сафіі святое да Кіева.

Тады пры Алегу Гарыслаўлічу рассяваліся й раслі міжусобіцы. Гібнула жыцце Дажджбожага ўнука; у калатнінах князевых людзі свой век скарачалі.

Тады на Рускай зямлі рэдка пяяў аратай, але вараннё пакрумквала часта, дзелячы труп'ё між сабою, а галіцы гоман заводзілі свой, на ежу ляцеці збіраючыся.