Читать «Апошні лісток» онлайн - страница 4

О. Генри

Калі нараніцу Сью прачнулася пасля гадзіннага сну, Джонсі ляжала, шырока расплюшчыўшы бязрадасныя вочы, утаропіўшыся ў захінутую зялёную фіранку.

– Развесь акно, я хачу паглядзець, – загадала яна шэптам.

Сью зморана паслухалася.

От жа ж! Нават пад дажджавым шротам і азвярэлымі раптамі ветру, што цэлую ноч шкуматалі дрэва, выстаяў і застаўся вісець на тле цаглянай сцяны адзін лісток плюшчу. Апошні на ўсёй лазіне. Цемнавата-зялёны ля сцяблінкі, жухлавата- і падгніла-жоўты на зубчатых краях, ён адважна трымаўся на лазіне дзесь у дваццаці футах над зямлёю.

– Апошні, – сказала Джонсі. – Я была ўпэўненая, што ён ападзе ўначы. Я чула вецер. Сёння і ён зляціць, а разам з ім памру і я.

– Бог з табой! – сказала Сью, сіхіляючы да падушкі свой пастарэлы твар. – Падумай хоць пра мяне, калі пра сябе не думаеш. Што са мной будзе?

Але Джонсі не адказала. Няма ў свеце самотнейшай істоты за чалавечую душу, што гатова выправіцца ў далёкае, таямнічае падарожжа. Насланнё завалодала ёй не на жарт, адну за адной абрываюцы ніці, што звязвалі яе з сябрамі і ўсім зямным.

Дзень зжыў сябе, але нават у прыцемках на тле сцяны было відаць, як самотны лісток плюшчу чапляецца сцяблінкай за лазу. І нават потым, з наступленнем ночы, калі на волю выбраўся люты паўночны вецер і дождж без перастанку грукаўся ў шыбы, барабанячы па злівах капежам з нізкіх галандскіх дахаў.

Ледзь толькі пачало віднець, бязлітасная Джонсі загадала падняць фіранку.

Лісток плюшчу, як і раней, быў там.

Джонсі доўга ляжала, гледзячы на яго. А потым паклікала Сью, што памешвала курыны булён на газавай плітцы.

– Сьюзі, мне так за сябе сорамна, – сказала Джонсі. – Нешта быццам утрымала там гэты апошні лісток, каб я ўбачыла, колькі ўва мне благога. Прагнуць смерці – вялікі грэх. Прынясі мне трохі свайго булёнчыку, і трохі малака з партвэйнам, і… не, прынясі мне спярша люстэрка і пару падушак пад галаву, я буду глядзець, як ты гатуеш.

А дзесьці праз гадзіну яна сказала:

– Сьюзі, калі-небудзь я намалюю Неапалітанскую затоку.

Папаўдні прыйшоў доктар. Калі ён сыходзіў, Сью прабачылася і выйшла з ім у калідор.

– Пяцьдзесят на пяцьдзесят, – сказаў доктар, паціскаючы худую, дрыготкую руку Сьюзі. – Старанны дагляд – і ўсё будзе добра. А цяпер мяне чакае яшчэ адзін пацыент, унізе. Берман яго зваць, таксама, відаць, мастак, як і вы. І таксама пнеўманія. Чалавек ён стары і кволы, хвароба не пашкадуе яго. Шанцаў у яго няма. Сёння яго забяруць у лякарню, там яму будзе лягчэй.

Наступным днём доктар сказаў Сьюзі:

– Ёй нічога не пагражае. Магу вас павіншаваць. Цяпер – толькі добрае харчаванне і дагляд. Гэтага дастаткова.

Пасля абеду Сью зайшла да Джонсі, якая з прыемнасцю вязала вельмі сіні і вельмі патрэбны ваўняны шалік, прысела на ложак і абняла Джонсі, разам з падушкамі й коўдрамі.