Читать «Апошні лісток» онлайн

О. Генри

О. Генры

Апошні лісток

У невялічкім квартале з заходняга боку Вашынгтон-сквер вуліцы пачынаюць нейкі вар’яцкі бег і разбіваюцца на вузенькія палоскі, якія яшчэ называюць “вулкамі”. Гэтыя “вулкі” выгінаюцца і перасякаюцца пад дзіўнымі вугламі. А адна вуліца нават перасякае саму сябе раз-другі. Адзін мастак адкрыў неяк для сябе каштоўную магчымасць на гэтай вуліцы. Напрыклад, збіральнік грошай з чэкам за фарбы, паперу і палатно можа сустрэць тут самога сябе, не атрымаўшы па рахунку ні цэнту.

Неяк у дзівосны старэнькі Грынвіч-віладж забрылі мастакі ў пошуках вокнаў з паўночнага боку, вільчыкамі васемнаццатага стагоддзя, галандскімі мансардамі і недарагой арэнднай платай. Затым яны перацягнулі з сабой алавяныя конаўкі і электрарандолі з Шостай авеню і ўтварылі “калонію”.

Пад самым дахам аднаго з прысадзістых трохпавярховых цагляных дамоў мелі майстэрню і Сью з Джонсі. Джонсі – гэта памяншальнае ад Джааны. Адна была з штату Мэн, другая з Каліфорніі. Яны пазнаёміліся за абедам у рэстаране “Дэльмоніка” на Восьмай вуліцы, і аказалася, ім абедзвюм настолькі падабаюцца мастацтва, салата з лісця цыкорыя і шырокія рукавы, што яны вырашылі здымаць разам майстэрню.

Тое было ў траўні. А ў лістападзе халаднакроўны, нябачны чужаземец, якога дактары называлі Пнеўманіяй, завітаў у калонію, дакранаючыся то да аднаго, то да другога. Па ўсходняй частцы гораду спусташальнік гэты ступаў шырокім ўпэўненым крокам, паражаючы ахвяраў адну за адной, але ў лабірынце вузкіх, парослых мохам “вулак” поступ яго прыцішыўся.

Містэра Пнеўманію ніяк нельга было назваць старым паважаным джэнтльмэнам. А маленькая жанчына з вадзяністай ад каліфарнійскага ветрыку кроўю наўрад ці магла даць старому чырванарукаму задышліваму няўклюду належнага адпору. І ён не злітаваўся над Джонсі. Яна ляжала, амаль не рухаючыся, на размаляванай жалезнай койцы, утаропіўшыся скрозь маленькія галандскія шыбы ў глухую сцяну суседняга дому.

Адным ранкам занепакоены доктар, павёўшы кашлатым шэрым брывом, папрасіў Сью выйсці з ім у калідор.

– Шанцаў у яе – адзін… няхай і з дзесяці, – сказаў ён, страсаючы ртутны слупок бальнічнага тэрмометра. – Ды і той толькі пры ўмове, што яна хоча жыць. А калі людзі пачынаюць думаць пра тое, як грабар будзе вышкабаць з печы іхны прах, то тут ніякія лекі ўжо рады не дадуць. А вашая сяброўка, здаецца, узяла да галавы, што ўжо не паправіцца. Аб чым яна думае?

– Аб чым?.. Ну, яна ўсё хацела намаляваць Неапалітанскую затоку, – адказала Сью.

– Маляваць? Што за глупства! Няўжо нельга думаць пра што-небудзь больш вартае – пра мужчыну, скажам?

– Мужчыну? – голас Сью прагучаў, быццам арган. – Ды хіба мужчына варты… не, доктар, пра гэта яна дакладна не думае.

– Што ж, тым горай для яе, – сказаў доктар. – Я зраблю ўсё, што ад мяне патрабуецца, паколькі мае намаганні могуць стацца небезвыніковымі. Але як толькі мой пацыент пачынае лічыць каго запрасіць на свае хаўтуры, можаце адняць 50 працэнтаў ад эфектыўнасці медыкаментаў. Калі вы здолееце зрабіць так, каб яна думала пра апошнія фасоны рукавоў, абяцаю вам, адзін з дзесяці шанец ператворыцца ў адзін з пяці.