Читать «Па-першае і па-другое» онлайн - страница 3

Даниил Иванович Хармс

Па-шостае, прыехалі мы да вялікага возера. Бачым, ля берагу човен стаіць. “Ну што, паедзем на чоўне?” – сказаў Пецька. Я з Пецькам добра ў чоўне ўсеўся, а вось доўгага чалавека з цяжкасцю пасадзілі. Скурчыўся ён увесь, каленкі да самага падбароддзя падняў.

Маленькі чалавек недзе пад лавай сеў, а вось аслу месца дык і не засталося. Калі б яшчэ доўгага чалавека ў човен не саджаць, тады можна было б і асла пасадзіць. А ўдвох не змяшчаюцца. “Вось што, – кажа маленькі чалавек, – ты, доўгі, уброд ідзі, а мы асла ў човен пасадзім і паедзем”. Пасадзілі мы асла ў човен, а доўгі чалавек уброд пайшоў, ды яшчэ і наш човен на вяровачцы пацягнуў. Асёл сядзіць, зварухнуцца баіцца – відаць, упершыню ў човен трапіў. А астатнім добра. Едзем мы па возеры, песні свішчам. Доўгі чалавек цягне наш човен і таксама песні спявае.

Па-сёмае, выйшлі мы на другі бераг, бачым – стаіць машына. “Што ж гэта можа быць?” – кажа доўгі чалавек. – “Што гэта?” – кажа маленькі чалавек. “Гэта, – кажу я, – машына”. – “Гэта машына, на якой мы зараз і паедзем”, – кажа Пецька. Пачалі мы ў машыне рассаджвацца. Я і Пецька ля стырна селі, маленькага чалвека спераду на ліхтар пасадзілі, а вось доўгага чалавека, асла і човен ніяк не маглі ў машыне размясціць. Паклалі мы човен у машыну, у човен асла паставілі – і ўсё было б добра, толькі доўгаму чалавеку месца няма. Пасадзілі мы ў машыну асла і доўгага чалавека – човен няма куды падзець.

Мы зусім разгубіліся, не ведалі нават, што рабіць, ды маленькі чалавек параіў: “Няхай, – кажа, – доўгі чалавек у машыну сядзе, а асла да сябе на калені пакладзе, а човен рукамі над галавой падыме”. Пасадзілі мы доўгага чалавека ў машыну, на калені яму асла паклалі, а ў рукі далі човен трымаць. “Не цяжка?” – спытаў маленькі чалавек. – “Не, нічога”, – кажа доўгі. Я завёў рухавік, і мы паехалі. Усім добра, толькі маленькаму чалавеку спераду на ліхтары сядзець нязручна, куляе яго ад трасяніны, як ваньку-ўстаньку. А астатнім нічога. Едзем мы і песні насвістваем.

Па-восьмае, прыехалі мы ў нейкі горад. Паехалі па вуліцах. На нас народ глядзіць, пальцамі паказвае: “Гэта што, – кажа, – у машыне дубіна якая сядзіць, сабе на калені асла пасадзіў і човен рукамі над галавой трымае. Ха! ха! ха! А спераду вунь які на ліхтары сядзіць. Ростам з вядзерка! Во як яго ад трасяніны куляе! Ха! ха! ха!” А мы пад'ехалі проста да гасцініцы, човен на зямлю паклалі, машыну паставілі пад навес, асла да дрэва прывязалі і клічам гаспадара. Выйшаў да нас гаспадар і кажа: “Што вам трэба?” – “Ды вось, – кажам мы яму, – ці можна ў вас пераначаваць?” – “Можна,” – кажа гаспадар і вядзе нас у пакой з чатырма ложкамі. Я і Пецька леглі, а вось доўгаму чалавеку і маленькаму ніяк не легчы. Доўгаму ўсе ложкі закароткія, а маленькаму няма на што галаву пакласці. Падушка вышэйшая за яго самога, і ён мог толькі стоячы да падушкі прыхіліцца. Але паколькі мы вельмі стаміліся, то леглі і неяк заснулі. Доўгі чалавек проста на падлозе лёг, а маленькі ўвесь на падушку ўзлез ды так і заснуў.