Читать «Лагодны цмок. Ангельскiя лiтаратурныя казкi» онлайн - страница 7
Эдит Несбит
Калi ж Прынц наеўся ды напiўся, дык папрасiў Прынцэсу паказаць, як адчыняюцца i зачыняюцца ў вежы дзверы. Мамка спала i нiчога не чула, i таму нiхто не мог забаранiць Прынцэсе адкрыць такому злыдню гэтую таямнiцу.
Прынцэса ўсё расказала.
— Трэба павярнуць ключ вось так, — тлумачыла яна, — але дзверы тады яшчэ не адчыняцца. Але калi потым павярнуць ключ дзевяць разоў назад, дзверы адчыняцца.
Так i здарылася. А як толькi дзверы адчынiлiся, Прынц выпхнуў гаспадыню з вежы (гэтак жа, як выпхнуў яе з каралеўства) i хуценька зачынiў дзверы ў яе за спiнай. Адзiная ў каралеўстве цмокатрывалая вежа павiнна была належаць толькi яму!
Прынцэса апынулася на вулiцы якраз побач з цмокам, якi ўсё яшчэ румзаў. Але цмок не звярнуў на яе ўвагi, бо нiводзiн цмок, нават сама люты, не можа дакранацца да бялюткiх Прынцэс, у якiх сэрца з чыстага золата (але гэтага не ведала нават старая мамка).
Прынцэса была выхаваная вельмi добра i ведала, што выходзiць у горад без капялюшыка i пальчатак, асаблiва калi на табе такая чароўная ядвабная сукенка з вышыванымi стакроткамi, непрыстойна. Сапраўдная лэдзi не магла сабе гэтага дазволiць. I таму яна пайшла не да горада, а зусiм у iншы бок, рушыўшы праз поплаў да лесу.
Сабрынэта яшчэ нiколi не выходзiла са сваёй вежы, бо мамка ёй гэтага не дазваляла, i калi яна ступiла на мяккую мурожыстую траву, яна адчула проста райскую асалоду. Але доўга захапляцца часу ў яе не было, i яна хутчэй пабегла хавацца ў лясны гушчар, бо не ведала, што ў яе залатое сэрца, i таму, вядома, як сама звычайная дзяўчынка, вельмi спалохалася цмока.
У лесе, у невялiчкiм логу, яна натрапiла на Эльфiна i на семдзесят пяць ягоных прыгожых чорных свiнак. Эльфiн iграў на флейце, а свiнкi кружылi i танчылi на заднiх нагах.
— Калi ласка, — сказала Прынцэса, — паклапацiцеся пра мяне, мне вельмi страшна.
— Добра, — адказаў Эльфiн i абняў яе. — Вось. Цяпер вам няма чаго баяцца. А хто пасмеў вас так напалохаць?
— Цмок, — ледзь чутна шапнула яна.
— Ага, дык ён такi вылез са срэбнай бiклагi! — сказаў Эльфiн. — Спадзяюся, ён з'еў гэтага брыдзюка — Прынца.
— Не, Прынцу цяпер нiчога не пагражае, — цяжка ўздыхнула Прынцэса. — А чаму вы так яго называеце?
Тады Эльфiн расказаў ёй пра сустрэчу з Прынцам i пра тое, як Прынц злосна падмануў яго.
— Ён абяцаў мне палову каралеўства i сваю кузiну ў жонкi!
— Божа мой! Якi сорам! — абурана крыкнула Прынцэса i паспрабавала вызвалiцца з ягоных абдымкаў. — Як ён пасмеў!
— Што здарылася? — спытаў Эльфiн i абняў яе яшчэ мацней. — Яму сапраўды павiнна было б быць сорамна, прынамсi, мне так здавалася. Але цяпер, цяпер няхай яму застаецца ўсё яго каралеўства, абы мне засталося тое, што мне даражэй за ўсё на свеце!
— Вы гэта пра што? — спытала Прынцэса.