Читать «Лагодны цмок. Ангельскiя лiтаратурныя казкi» онлайн - страница 5
Эдит Несбит
— Вось ужо дзякуй, — прашаптаў Прынц i перасмыкнуў плячыма. — Паляваць удзень мне падабаецца неяк болей. Ну i дурань жа ты, свiнапас!
— Што ж, — усмiхнуўся Эльфiн, — як сабе хочаце. Але хутчэй за ўсё заўтра цмок сам будзе паляваць на вас. Вельмi будзе цiкава паглядзець!
— А ты яшчэ i грубiян! — абурыўся Прынц.
— Ды якi я грубiян? Проста шчыра кажу тое, што думаю, — адказаў Эльфiн.
— Ну дык тады скажы мне, што ж такое ты ведаеш, што каб гэта было вядомае мне, дык я ўратаваў бы сваiх гiпапатамаў?
— Вы не надта добра валодаеце роднаю мовай, Прынц. Ну, ды няхай. Але што вы мне дасце, калi я скажу?
— Калi скажаш мне што? — хiтра перапытаў Прынц.
— Тое, што вы хочаце ведаць.
— А я нiчога не хачу ведаць, — адказаў Абрыдак.
— Дык вы нават дурнейшы, чым я думаў, - здзiвiўся свiнапас. — Няўжо вы не хочаце пакончыць з цмокам, пакуль ён не пакончыў з вамi?
— Увогуле гэта было б няблага, — прызнаўся Прынц.
— Я нiколi не вызначаўся цярплiвасцю, але цяпер у мяне ўжо зусiм яе не засталося. Апошнi раз пытаюся, што вы дасце мне за тое, што я скажу?
— Палову каралеўства i маю кузiну Прынцэсу за жонку, — хуценька адказаў Абрыдак.
— Добра, — пагадзiўся свiнапас. — Тады слухайце: цмок уначы робiцца маленькi! Ён спiць пад карэннем гэтага дрэва, i звычайна я карыстаюся iм як запальнiчкай, каб развесцi агонь.
I праўда, калi Прынц прыгледзеўся, дык убачыў, што пад каранямi дрэва, ва ўтульным iмшаным гняздзечку, спiць цмок. Даўжынёю ён быў усяго толькi з палец.
— I як мне яго можна забiць? — спытаў Прынц.
— Не ведаю, цi можна яго забiць проста так, але ж яго можна засунуць у вашую бiклажку, а потым занесцi куды-небудзь.
Гэтая думка прыйшлася Прынцу даспадобы. Удвух яны, крыху апёкшы пальцы, сяк-так здолелi прымусiць цмока запаўзцi ў срэбную бiклагу, без якой Прынц нiколi не выпраўляўся на паляванне. I Прынц шчыльна закруцiў на ёй корак.
— Вось i цудоўна, — сказаў Эльфiн, — а цяпер трэба занесцi гэтую бiклагу ў палац i запячатаць яе Саламонаваю пячаткай. Тады можна будзе не хвалявацца. Хадзем хутчэй, а заўтра зранку падзелiм каралеўства, i тады ў мяне будуць грошы на прыгожую вопратку i падарункi. Мне хочацца хутчэй пазнаёмiцца з Прынцэсай.
Адкуль добраму Эльфiну было ведаць, што Прынц Абрыдак нiколi не выконвае сваiх абяцанняў?!
— Што? Ты хочаш пайсцi са мною? — закрычаў ён. — Ты што гэта выдумаў, свiнапас? Гэтага лютага цмока знайшоў я, Прынц Абрыдак, i я, гаспадар гэтай краiны, захапiў яго ў палон. Я ўвогуле нi слова не казаў нi пра каралеўства, нi пра вяселле. А калi табе нешта такое падалося, дык я зараз жа адсяку табе галаву.
I Прынц выцягнуў меч.
— Добра, — пацiснуў Эльфiн плячыма, — мне так яшчэ й лепей.
— Што гэта ты маеш на ўвазе? — закрычаў Прынц.
— Ды нiчога. Толькi тое, што я нiчым не звязаны i ў мяне застаюцца мае свiннi, а ў вас — вашае цудоўнае каралеўства, — растлумачыў Эльфiн i ў думках дадаў: «I цмок».
Прынц пайшоў, а Эльфiн са сваiмi чорнымi свiннямi, якiх было роўна семдзесят пяць, застаўся каля вогнiшча.
Прынц вярнуўся ў палац пасярэдзiне ночы, але, нягледзячы на гэта, загадаў неадкладна склiкаць Парламент i ўрачыста абвясцiў пра сваю перамогу над лютым цмокам. Мiнiстры пачалi наўзахваткi хвалiць смеласць i розум свайго гаспадара, хоць мала хто сапраўды паверыў яму. Але нiводзiн Мiнiстр не насмелiўся паказаць свайго недаверу, бо ўсiм быў вядомы злосны i помслiвы Прынцаў нораў.