Читать «Лагодны цмок. Ангельскiя лiтаратурныя казкi» онлайн - страница 11

Эдит Несбит

К. Грэхэм

Лагодны цмок

Вельмi-вельмi даўно — шэсцьсот, а можа, i семсот год назад — у маленькiм дамочку, што стаяў каля самых гор, жыў пастух з жонкай ды сынам. Амаль усе днi (а часам i ночы) пастух праводзiў высока ў гарах, i за сяброў яму там былi толькi сонца, зоркi, бараны ды авечкi. А людзi жылi з другога боку далiны ў вялiкай шумнае вёсцы.

Маленькi пастухоў сынок амаль увесь вольны час бавiў, уткнуўшы нос у тоўстыя кнiгi, якiя яму з радасцю давалi чытаць i тамтэйшы святар, i тамтэйшая шляхта, бо хлопчык быў ветлiвы, мiлы i таму вельмi ўсiм падабаўся. Бацькi таксама моцна любiлi свайго сыночка i ганарылiся iм, хоць нiчога такога нiколi пры iм не казалi. Яны заўсёды дазвалялi хлопцу займацца сваiмi справамi i ставiлiся да яго як да роўнага. Бацькi разумелi, што кнiжныя веды часам вельмi добра прыдаюцца ў жыццi.

Больш за ўсё хлопчыку падабалiся кнiгi па прыродазнаўству i казкi. Ён чытаў iх усе запар, адну за адной, нiбыта складаючы сэндвiч (i нам яго метода падаецца даволi-такi слушнай).

Iх сям'я жыла ў ладзе ды згодзе, але аднойчы здарылася вось што…

Адным вечарам пастух, якi апошнiм часам быў чамусьцi нейкi знерваваны i заклапочаны, увайшоў у хату ўвесь спалатнелы, рукi ў яго дрыжалi ад жаху.

Жонка i сын сядзелi за сталом: жонка нешта цыравала, а сын з захапленнем чытаў пра прыгоды Волата, у якога не было сэрца.

Пастух узрушана прамовiў:

— Усё, Марыя, хопiць з мяне. Я болей не магу хадзiць у горы, i нiхто мяне не прымусiць гэта рабiць.

— Ну што ты, супакойся, — сказала жонка (а гэта была вельмi разумная й разважлiвая жанчына), — сядай хутчэй да стала ды павячэрай. А потым пра ўсё нам раскажаш, i мы разам вырашым, што рабiць.

— Гэта пачалося некалькi дзён назад, — пачаў свой расказ пастух. — Ведаеце тую пячору на левым схiле? Я чамусьцi заўсёды яе недалюблiваў. Дый авечкам яна нiколi не падабалася, а вы самi ведаеце, што калi ўжо авечкi што-небудзь не ўпадабаюць — нiчога добрага чакаць не даводзiцца. Дык вось, апошнiм часам з тае пячоры чулiся нейкiя цяжкiя ўздыхi, сапенне i дзiўны храп. Так, так, сапраўдны храп, якi iшоў аднекуль здалёк i знiзу. Вядома, я часам i сам магу задаць храпака, але ж гэта было зусiм не тое, разумееце?

— Я разумею, — цiха прамовiў хлопчык.

— Безумоўна, я быў напалоханы, але мне не надта хацелася адтуль сыходзiць. Вельмi ўжо добрая там расце трава! I вось сёння, якраз перад тым як вяртацца дадому, я падышоў трошкi блiжэй. I там, побач з пячорай… О, Божа! Я ўбачыў яго гэтак жа ясна, як бачу цяпер вас!

— Убачыў каго? — запыталася жонка. Яна й сама пачала ўжо нервавацца.

— Дык я ж кажу: яго! — адказаў пастух. — Ён напалову высунуўся з пячоры i дыхаў свежым начным паветрам. У яго быў такi рамантычны выгляд… А велiчынёй ён з нашую хату i ўвесь пакрыты буйною блiскучай луской, цёмна-блакiтнай на спiне i бледна-зялёнаю на жываце. А калi ён выдыхае паветра, дык з носа ў яго вылятаюць iскрынкi. Ён паклаў галаву на пярэднiя лапы i цiха мармытаў, нiбыта пра нешта сам з сабою разважаючы. Нiчога дрэннага, праўда, сказаць пра яго не магу — паводзiў ён сябе вельмi прыстойна. I выгляд у яго мiралюбiвы. Гэта я мушу прызнаць. Але ж калi паглядзець з iншага боку?! Уся гэтая луска, пазуры! Ды яшчэ й хвост, напэўна! Хоць ззаду я, праўда, яго не бачыў. Але, далiбог, мне дагэтуль яшчэ цяжка ўявiць, што мне гэта не прыснiлася. Не, я нiколi да гэтага не прызвычаюся i нiколi ўжо не прымушу сябе зноў хадзiць у горы.