Читать «Лагодны цмок. Ангельскiя лiтаратурныя казкi» онлайн - страница 10

Эдит Несбит

— Колькi, скажы, колькi павiнна быць такiх асобаў?! — закрычала Прынцэса.

— Семдзесят сем.

— Свiнак семдзесят пяць, а я семдзесят шостая! — узрадавана лiчыла Прынцэса.

— Павiнна быць роўна семдзесят сем, а я ну нiяк не магу дзеля яго памерцi. Так што нiчога не зробiш, — сумна сказала мамка, — не будзе ў яго рук.

— Я ведаў пра гэты сродак, — усхвалявана сказаў Эльфiн. — Але я не думаў, што мае дарагiя свiннi i ты, мая каханая, так мяне любiце! Ёсць, праўда, яшчэ трэцi сродак, але лепш я памру, чым ажанюся з кiм-небудзь апроч цябе, мая мiлая!

— А з кiм табе трэба ажанiцца, каб загаiць цмокавыя апёкi? — спытала Сабрынэта.

— З сапраўднай Прынцэсай. Менавiта так Святы Георг уратаваў жыццё пасля бойкi з цмокам.

— Глядзi ты! — здзiвiлася мамка. — Я ўжо такая старая, але нават i чуць не чула пра гэта.

А Сабрынэта кiнулася да Эльфiна i моцна абняла яго.

— Тады ўсё цудоўна, мой мiлы, смелы, адзiны ў свеце Эльфiн, — пяшчотна сказала яна, — таму што я якраз i ёсць сама сапраўдная Прынцэса, а ты будзеш мой Прынц. Збiрайся хутчэй, мамулька, гэты раз можна выйсцi й без капелюша. Мы зараз пойдзем i адразу пажэнiмся.

I яны пайшлi, а ўрачыстыя чорныя свiннi чынна, выставiўшыся парамi, рушылi за iмi.

Як толькi Эльфiна i Сабрынэту абвясцiлi мужам i жонкай, рукi ў Эльфiна загаiлiся, i на iх не засталося нават следу ад цмокавых апёкаў.

Людзi, якiм Прынц Абрыдак i ягоныя гiпапатамы вельмi надакучылi, адразу абралi Сабрынэту i яе мужа паўнамоцнымi гаспадарамi краiны.

Наступнаю ранiцай Прынц з Прынцэсаю выправiлiся на шпацыр. Яны хацелi паглядзець, цi не прыбiла цмока да берага. Але лютага цмока яны нiдзе не знайшлi i толькi ўбачылi, як над вiрам узнiмаецца вялiкi стаўбур пары. Рыбакi сказалi, што вада на некалькi кiламетраў вакол зрабiлася такая гарачая, што з ёю можна галiцца.

Вада ў тых мясцiнах засталася гарачая i да нашых часоў: вось якi люты быў гэты цмок — нават цэлага мора не хапiла, каб астудзiць яго. Але з вiрам цмок справiцца не можа — толькi круцiцца ваўчком недзе ў самай глыбiнi мора i, сам таго не жадаючы, робiць карысную справу: грэе рыбакам ваду для галення.

А Прынц з Прынцэсаю кiруюць сваёю краiнай добра i мудра. Прынцэсiна мамка жыве разам з iмi, ёй нiчога не дазваляюць рабiць — хiба што вышыць Прынцэсе сукенку золатам, на што мамка вялiкая майстрыха.

Гiпапатамаў Прынц не трымае, i ўжо аднаго гэтага дастаткова, каб падданыя яго вельмi любiлi.

Семдзесят пяць адданых свiнак жывуць у мармуровым свiнарнiку, усе ў асобных пакойчыках, i на дзвярах у iх выгравiраваныя мянушкi i вiсяць медзяныя званочкi. Два разы на дзень свiнкi прымаюць ванну: iх мыюць мяккiмi губкамi, прывезенымi з далёкiх краiн, i мылам, якое пахне браткамi. Нiхто не злуецца, калi яны выходзяць з Прынцам на шпацыр, бо свiнкi паводзяць сабе як сапраўдныя лэдзi, ходзяць толькi па тратуары i нiколi не збочваюць на траву.

Прынцэса ў сама першым сваiм загадзе пад страхам смерцi забаранiла ўжываць слова «свiнiна» i загадала нават выкрэслiць гэтае слова з усiх слоўнiкаў!