Читать «Блакит» онлайн - страница 210
Неизвестно
Справы ў рэдакцыі былі незайздросныя, а найперш у фінансава-гаспадарчай дзейнасьці. На месяцы затрымвалася выплата зарплаты, ганарару, безнадзейна выбіліся з графіку выпуску, у тым ліку цягнуўся мінулагодні даўжок на два нумары. Каб ліквідаваць разрыў, укласьціся ў графік прадстаяла да канца году рыхтаваць і выпускаць як мінімум два нумары за месяц. Здаецца, бальшыня калектыву глядзела на гэта даволі скептычна, але калі неўзабаве бяз збояў пачалі выплочваць зарплату і ганарары, выдавецтва па старой памяці без перадаплаты пад маё чэснае слова брала падрыхтаваныя нумары да вытворчасьці, настроі сталі мяняцца. З ранку да вечара даводзілася круціцца, лічыць і пралічваць кожную капейку, званіць, дамаўляцца, шукаць больш выгадных пастаўшчыкоў паперы, расходных матэрыялаў, для чаго вельмі дарэчы аказаліся былыя сувязі, і канечне ж, я ведаў хады, мяне помнілі ў міністэрстве, казначэйстве, Белпошце, Белсаюздруку. Загадам рэдактара давялося мяняць некаторыя звыклыя рэчы ўнутры рэдакцыі, дамагаючыся зладжанасьці, дакладнасьці, дысцыпліны і парадку. К апошняму дванаццатаму нумару ўвайшлі ў выдавецкі графік, ліквідаваўшы мінулагадні даўжок і пры тым, што выпусьцілі на два нумары больш, фінансавы год закончылі з акупальнасьцю выдаткаў на 56 працэнтаў. Гэта быў выдатны паказчык, калі ўлічыць, што “Полымя” мела 34, а “Маладосць”, “Крыніца”, “Всемирная литература” не дацягвалі і да 5 працэнтаў. Упершыню людзі сталі атрымліваць прыстойныя прэміі, і гэта таксама згуртоўвала калектыў, настройвала на аптымізм, памкненіне рабіць часопіс больш цікавым і папулярным, павялічваць наклад. З першага нумара 2002-га памянялі афармленіне і вокладку, зрабіўшы яе больш сучаснай, але некранутым захавалі традыцыйны лагатып.
Мне вельмі падабалася атмасфера ў рэдакцыі – зычлівая, спакойная, нават трохі сямейная. Такой, казалі, яна была з часоў рэдактарства Андрэя Макаёнка. Амаль два дзесяцігоддзі Макаёнкавы традыцыі беражліва захоўваў і разівіваў адзін з найбольш таленавітых і маштабных празаікаў, спакойны, разважлівы Анатоль Кудравец. Аж пакуль не пагарэў, як апошні цяльпук. Гісторыя даволі анекдатычная і знаёмая – пра яе ў нейкай газеце пісаў сам Анатоль Паўлавіч, тым ня менш дазволю сабе ў некалькіх словах нагадаць яе. У свой час “Нёман” надрукаваў вялікі матэрыял з традыцыйнага так званага круглага стала, дзе госьцем быў і дырэктар шклоўскага саўгасу, дэпутат Вярхоўнага Савету Аляксандр Лукашэнка. А праз колькі год рэдакцыя папрасіла ўдзельнікаў таго “круглага стала” вярнуцца і выказацца па той жа актуальнай праблеме. Мудры і адначасова наіўны Кудравец падпісаў ліст з тою ж просьбай і да прэзідэнта Лукашэнкі. Рэакцыя была імгненнай – галоўны рэдактар без тлумачэньня прычынаў апынуўся ў крэсьле загадчыка аддзелу прозы. Магчыма, за дзёрзкасьць, непачцівасьць, бестактоўнасьць у дачыненьні да першай асобы дзяржавы, магчыма, дзеля навукі іншым – не забывайце, хто ёсьць хто... Кудраўца зьмяніў Алесь Жук, і добрыя рэдакцыйныя традыцыі працягнуліся. Калектыў фарміраваўся на працягу дзесяцігоддзяў, канечне ж, нехта пакідаў рэдакцыю, нехта прыходзіў. Тут былі і ветэраны, што працавалі яшчэ з Макаёнкам – Генадзь Бубнаў, Тацяна Чуйкова, Алена Шашкова, і зусім маладыя Алесь Пашкевіч, Ірына Шаўлякова, Вікторыя Салаўёва, аднак гэта была адна дружная сям’я, якая вельмі даражыла высокай рэпутацыяй нёманцаў. Адчуваў, што пасьля прыглядкі і пэўнай насьцярогі на мой даволі аўтарытарны і часам рэзкі стыль, і я ўпісаўся ў дружны калектыў, асабліва – як справы пайшлі на папраўку, сталі без затрымкі атрымоўваць зарплату, ганарар і, канечне ж, прэміі, пра якія дасюль і ня чулі. Алеся ўсё часьцей і часьцей стала даймаць хворае сэрца, раз за разам трапляў у бальніцу, на час сваёй адсутнасьці абавязкі галоўнага ўскладваў на мяне, у чым я выказваў яму пэўнае сумненьне: ці варта парушаць субардынацыю. Аднак Жук і я добра ведалі, наколькі важна ў стасунках з чынавенскім і бізнэсоўскім людам мець права першай асобы... Дый Генадзь Фёдаравіч Бубнаў, здаецца, ставіўся да гэтага парушэньня субардынацыі спакойна, аддаючы пальму першынства ў арганізацыйных, гаспадарча-фінансавых пытаньнях мне і майму вопыту.