Читать «Блакит» онлайн - страница 207

Неизвестно

Неяк пазванілі з пракуратуры і запыталі, ці можам мы зрабіць эксьпертнае заключэньне на выпушчаную ў Гродне і канфіскаваную адпаведнымі органамі брашуру карыкатураў у сувязі з узбуджэньнем крымінальнай справы “по признаку оскорбления Президента Республики Беларусь и дискредитации власти”? І таемна дадалі: вельмі патрэбна і важна... Падумаў: во толькі гэтага яшчэ не хапала ў амаль шасьцідзесяцігадовай гісторыі “Вожыка”! Але куды падзенешся – мы адзі­нае дзяржаўнае сатырычна-гумарыстычнае выданьне, і было б незразумелым, каб адмовілі сьледчым органам у высвятленьні ісьціны. Неўзабаве на маё імя з Гара­дзенскай пракуратуры паступіла бандэролька з той брашурай і просьбай на афі­цыйным бланку пад нумарам і подпісам сьледчага Тонкавіча, змацаванай для на­дзейнасьці яшчэ і пячаткай пракуратуры. Гэта была так сабе, на самадзейным узроўні аформленая і выкананая даволі аб’ёмная брашура з карыкатурамі, дзе ці не праз адну фігураваў вусаты тыпаж. Як і было прапанавана пракуратурай, я сваім загадам стварыў эксьпертную камісію, у склад якой увёў найбольш аўтарытэтных і вядомых у рэспубліцы мастакоў-карыкатурыстаў і журналістаў-фельетаністаў – як штатных вожыкаўскіх, так і пазаштатных, абавязаўшы ў двухтыднёвы тэрмін зрабіць абгрунтаванае эксьпертнае заключэньне. Камісія пастаралася, і доказна, пераканаўча з фактамі і тэарэтычнымі выкладкамі засьведчыла, што няма ніякай падставы індэфікаваць асобу Прэзідэнта з карыкатурным тыпажом па наяўнасьці ў абодвух такой даволі распаўсюджанай сярод мужчынскага насельніцтва дэталі, як вусы, а каб нават можна было і дапусьціць такое, то ўсё роўна не было б нічога абразьлівага для Прэзідэнта. У пацьверджаньне прыклалі ксеракапіраваную вытрамку са стэнаграмы сустрэчы Лукашэнкі з высокапастаўленай дэлегацыяй расійскіх журналістаў, дзе ён на патаньне кіраўніка Башкірскай журналісцкай арганізацыі, адначасова галоўнага рэдактара іхняга сатырычна-гумарыстычнага часопісу Марселя Салімава: мы пастаянна друкуем карыкатуры і шаржы на свайго прэзідэнта Рахімава, і ён не крыўдзіцца, ставіцца вельмі спакойна, а вось пагартаў гадавы камплект вашага цудоўнага “Вожыка” і не заўважыў гэтакіх эфектных вусоў... Аляксандр Рыгоравіч адказаў, што таксама спакойна ставіцца да карыкатур і шаржаў на сябе, паабяцаў падказаць “Вожыку” на істотнае ўпушчэньне... І хоць ніякай падказкі не паступіла, але надрукаваная ў афіцыйным бюлетэні Адміністрацыі прэзідэнта заява магла трактавацца не інакш, як афіцыйная пазіцыя Прэзідэнта і ўсёй вышэйшай улады. Словам, з крымінальнага працэсу, які, магчыма, рыхтаваўся як паказальны, атрымаўся пшык, а на галоўнага рэдактара, была дадзеная каманда “фас!”... Я даўно быў гатовы да сыходу з пасады галоўнага, толькі не зусім разумеў прычыну гэткай сьпешкі, але махнуў рукою і ўспрыняў усё больш чым спакойна.