Читать «Пан Тадэвуш» онлайн - страница 6
Адам Міцкевіч
Пакінуўшы гасцей, ідзе да вадапою.
Ён кожны вечар на жывёльны двор загляне,
Каб ведаць, у якім яго жывёла стане.
І гэтага нагляду слугам не паручыць,
Бо знаў: гаспадарова вока коней тучыць.
Пан Войскі і Пратазы, ўзяўшы ў рукі свечкі,
У сенях развялі гаворку кшталтам спрэчкі,
Бо Возны ўпотай, як падаўся Войскі з дому,
Сталы з вячэрай знесці загадаў к пустому
Пад лесам замку, ў старасвецкія руіны,
І там парасстаўляць, не трацячы хвіліны.
Пашто пярэбары? Пан Войскі - злы, крывіўся,
Суддзю перапрашаў. І пан Сувдзя здзівіўся,
Ды зроблена, час позні, як цяпер вяртацца?
Рашыў перапрасіць гасцей і ў глуш падацца.
А Возны па дарозе ўжо Суддзі тлумачыў,
Чаму ён панскія парадкі перайначыў:
Няма ў двары ніводнае святліцы,
Дзе б гэтулькі гасцей магло зараз змясціцца,
А ў замку тая зала ў самы раз падходзіць -
Скляпенне ж цэлае, раскол сцяны не шкодзіць,
Без шыбаў вокны - ў летні час не перашкода,
Затое побач пограб - чэлядзі выгода.
Так кажучы, міргаў Сувдзі - убачыш з міны,
Што меў ён і хаваў больш важныя прычыны.
А замак быў за домам - тысячы дзве крокаў,
Ён веліччу сваёй паважнай вабіў вока,-
Калісьці ўласнасць слаўнага Гарэшкаў роду.
Загінуў пан падчас джяржаўнага разброду,
Дык і маёмасць разляцелася без ладу:
Канфіскавана, частка трапіла да ўраду,
Нямала перайшло ў крэдытарскія рукі,
А рэшту занялі пляменнікі ці ўнукі,
А замка ўсе зракліся, бо ў шляхоцкім стане
Нялёгка класці грошы на яго ўтрыманне.
Аж Граф, сусед - багач, Гарэшкам родзіч некі,
Паніч, які ледзь толькі выйшаў з-пад апекі,
Прыбыўшы з ваяжа, прыгледзеўся да мура,
Што нібы ў ім гатыцкая архітэктура.
Хоць пан Суддзя яму не раз даказваў потым,
Што дойлід з Вільні быў, таму не мог быць готам,
Граф замка зажадаў. А ў гэтым самым часе
Ахвота тая ж і ў Суддзі чамусь знайшлася.
Судзіцца сталі ў земстве, потым і пры ўрадзе
Ў сенаце, зноў у земстве, у губернскай радзе.
Урэшце, пасля коштаў, актаў і блуканняў
Прыйшла ўся справа зноў на суд размежавання.
I праўду Возны гаварыў, што тая зала
Памесціць і юрыстаў, і гасцей нямала,
Была ж бо велічная, з выгнутым скляпеннем,
З філярамі, з падлогай высланай каменнем.
На сценах гладкіх, стыль якіх быў просты, строгі
Тырчэлі навакола коз, аленяў рогі,
Пад імі подпісы: калі, дзе, кім забіты.
А гербы, ўмацаваныя ў сцяны граніты,
Стральцоў адважных славу неслі ў пакаленні.
Яснеў Гарэшкаў герб - Паўкозіц на скляпенні.
Парадкам госці увайшлі і ў поўным зборы.
За стол з кампаніі перш рушыў Падкаморы -
За важны чын і ўзрост яму быў гонар гэткі,
Ён дамам кланяўся, старым і малалеткам.
Пры ім стаў ксёндз-манах, Суддзя пры бернардыне.
Манах прамармытаў малітву па-латыні,
Мужчыны выпілі гарэлкі, ўсе паселі
І моўчкі жвава халаднік літоўскі елі.
Тадэвуш, хоць юнак, але па праве госця
Высока сеў ля дам пры боку ягамосця,
Але між ім і дзядзькам месца пуставала,
Як быццам госця нейкага яшчэ чакала.
На дзверы, то на крэсла дзядзька азіраўся,
Нібы прыходу нечыйга ўсё спадзяваўся.
Тадэвуш стаў здзіўляцца з дзядзькавых паводзін
І зрок за ім з дзвярэй на крэсла пераводзіў.
Аж дзіва! Гэтулькі было паненак вокал,
Што нават мела б дзе спыніцца прынца вока -