Читать «Пан Тадэвуш» онлайн - страница 5
Адам Міцкевіч
Калі ўжо Войскі ўволю распытаў, "навохаў",
Пачаў навіны дому выяўляць патроху.
"Ну добра, мой Тадэвуш (гэтак называлі
Гасця, яму імя касцюшкаўскае далі
На памятку, што ў час ваенны нарадзіўся),
Ну добра, мой Тадэвуш, што да нас з'явіўся,
Калі гасцюе ў нас паненак так багата,
Бо дзядзька ўжо збіраецца цябе засватаць.
А выбраць ёсць з чаго: у нас тут з'езд, спатканне
Запрошаных сюды на суд размежавання:
Старая спрэчка з Графам вырашацца будзе,
А заўтра, кажуць, і пан Граф сюды прыбудзе.
Пан Падкаморы з жонкай, з дочкамі прыехаў.
Вось моладзь пастраляць у лес пайшла на ўцеху,
А дамы і старыя ля жняцоў, няйначай,
Пад лесам, мо чакаюць юнакоў з удачай.
Калі ахвота, пройдземся, сустрэнем скора
І дзядзьку, і шаноўных дам, і падкаморых".
Ідуць Тадэвуш з Войскім сцежкаю па полі
Пад лес, а гутаркі ніяк ім не даволі.
А сонца круг свой да краёў нябёс каціла,
Яно слабей ужо, але шырэй свяціла,
Пачырванеўшы, як здаровае аблічча
Гаспадара, якога пасля працы кліча
Спачынак і спакой. І вось круг прамяністы
Спускаецца на бор, а шэры змрок імглісты,
Запоўніўшы вяршыні і галлё да краю,
Лес звязвае ў адно, нібы яго злівае.
І бор чарнеў накшталт вялізарнага гмаху,
Над ім гарэла сонца, як пажар на даху,
Пасля апала ўглыб, паміж камлёў іскрыцца,
Як свечка вечарам са шчылін аканіцы,
І пагасае. Ўміг сярпоў звон стаў спыняцца,
І граблі ў лузе больш ужо не мітусяцца,
Бо пан Суддзя здаўна даў гэткае ўказанне,
Каб працу разам з сонцам кідалі сяляне.
"Пан свету знае, колькі працаваць нам трэба.
Калі яго работнік, сонца, сыдзе з неба,
Пара і селяніну падавацца з поля",-
Так пан Суддзя казаў заўжды, а пана воля
Выконвалася аканомам пільна, свята.
Бывала, сцірта ў полі толькі што пачата,
Калёсы ж ледзь не ўлегцы едуць праз палетак;
І цешацца валы, што везці лёгка гэтак.
А госці ўжо вярталіся вясёлай грамадою:
Наперад - дзеці пад наглядам чарадою,
За імі пан Суддзя з Падкамарынай крочыў,
А побач - Падкаморы ў акружэнні дочак.
Паненкі - за старэйшымі, а моладзь збоку
Ці ззаду за паненкамі, хоць на паўкроку
(Такі ўжо звычай). І хоць там не заклікалі
Нікога да парадку, пар не расстаўлялі,
Ды кожны сам міжвольна пільнаваўся ладу,
Які ў Суддзёвым доме меў здаўна уладу -
Усе звяртаць увагу тут былі павінны
На ўзрост, пасаду, род, заслугі для Айчыны.
"Народы славяцца,- казаў Суддзя,- парадкам
І гінуць з даўняе традыцыі упадкам".
І ўсе звыкаліся з такім жыцця укладам,
Хоць ён не вымушаўся просьбай ці загадам.
Дык той, каму ў Суддзі гасціць пашанцавала,
Прыстойнасць шанаваў, што ў доме панавала.
Не доўга пан Суддзя з пляменнікам вітаўся:
Руку падаў пацалаваць, крыху прыўзняўся
I, ў лоб пацапаваўшы, мовіў штосьці -
Даўжэйшай гутарцы перашкаджалі госці.
Аднак сляза, якую хутка скінуў з вока,
Казала, як любіў Тадэвуша глыбока.
Услед за панам з паш, палёў, лугоў і з бору
Усё вярталася і ў стайню, і ў абору.
Вось прэцца ў вулку гурт авечак шматгаловы
З бляяннем, а за ім тырольскія каровы
У пыле крочаць пры званочкаў перазвоне,
А з луга табуном з іржаннем скачуць коні.
Усе бягуць да студні, што свірснёй ківае
Са скрыпам і ваду ў карыты налівае.
Суддзя, хоць змораны, ды цвёрдаю ступою,