Читать «Трансплутонавыя афелii» онлайн - страница 4
Владимир Шитик
Вывеўшы з гаража ўсюдыход, Зыль адправiўся паглядзець на свае вочы пасадачную пляцоўку касмадрома. Ён ехаў, не запальваючы пражэктараў, даверыўшы кiраванне электроннаму вадзiцелю. Яркiя агнi станцыi адзiн за другiм знiкалi за блiзкiм гарызонтам. Чорнае неба, здалося, насунулася на планету, нiбы сцiскаючы яе ў сваiх нячутных i разам з тым непрыемных абдымках. Здавалася, усюдыход поўз у вузкай шчылiне, што яшчэ засталася памiж небам i паверхняй Плутона. Гэта быў фiзiчны падман, Зыль сутыкаўся з iм кожны раз, калi выбiраўся ў паездку па планеце, i кожны раз, аднак, успрымаў яго як рэальнасць. Каб пазбавiцца гэтага адчування, ён загадаў машыне спынiцца i вылез з яе.
Неба было бяздонным, i недзе там, у бясконцай вышынi, як убiтыя, жаўцелi i серабрылiся гузiкi-зоркi. Зыль азiрнуўся. Станцыi ўжо не вiдаць. У беспаветранай прасторы Плутона яе асвятленне не давала i зарыва. Урэшце, гэта нават лепш. Хутка над станцыяй павiнна ўзысцi камета. Яна ўвабрала вельмi мала святла з навакольнай прасторы, але пры пэўнай спрактыкаванасцi яе можна заўважыць простым вокам. Зыль доўгiя месяцы аддаў назiранням за гэтымi своеасаблiвымi касмiчнымi целамi. Яны радавалi яго разнастайнасцю форм, мудрагелiстасцю арбiт.
Край неба быццам сапраўды пасвятлеў. А можа, гэта толькi здалося, бо ён ведаў час, калi павiнна з'явiцца камета. Зыль стаяў i думаў, што некалькi месяцаў за каметай назiралi аўтаматы. Што яны там нагледзелi? Ён хутка залез ва ўсюдыход i шпарка паехаў уздоўж вялiзнай i гладкай пасадачнай пляцоўкi.
Яму можна было i не ехаць сюды. Пляцоўка ўтрымлiвалася як мае быць. Два-тры кратэры, што ўтварылiся нядаўна, зараўнавалi аўтаматы. Зыль са здавальненнем адзначыў гэта i раптам зноў успомнiў пра скажоны сiгнал. Не чакаючы, пакуль вернецца на станцыю, ён выклiкаў радыста.
— Ты можаш сказаць, адкуль прыйшоў сiгнал? — спытаў Зыль.
— Яго прынялi тры нашы кантрольныя ўстаноўкi, — адказаў радыст. Падобна, што сiгнал адлюстраваўся ад каметы Крынiчка.
«Вось i канец тваiм хваляванням, — крыва ўсмiхнуўшыся, падумаў Зыль. Усё аказалася вельмi простым. Таварышы, напэўна, дзiвяцца з яго намагання ўбачыць нешта таямнiчае ў самай звычайнай з'яве». I зноў гэтая думка не прынесла задавальнення.
На стале ляжалi здымкi, якiя рабiлi аўтаматы, пакуль Зыль адсутнiчаў. Яго захапленне каметамi спачатку было своеасаблiвым пратэстам на забарону ўрачоў. Маўляў, хоць такiм чынам я вырвуся далей Плутонавай арбiты. А потым ён па-сапраўднаму захапiўся гэтымi касмiчнымi вандроўнiкамi, якiя заходзiлi за Плутон, дзе, калi ўжо следаваць законам нябеснай механiкi, хутчэй павiнна знаходзiцца планета Трансплутон, чым трансплутонавыя афелii.