Читать «Трансплутонавыя афелii» онлайн - страница 3
Владимир Шитик
Зыль згадзiўся i, развiтаўшыся, пакiнуў рубку.
Надыходзiў час абеду, i ён накiраваўся ў салон. Там ужо было людна. Ад столiкаў, дзе заставалiся свабодныя месцы, адразу пачулася:
— Да нас, капiтан!
Разгубiўшыся ад агульнай увагi, Зыль паспяшаўся сесцi на першае месца, якое трапiла. Яго суседзямi аказалiся супрацоўнiкi станцыi на Арыэлi спадарожнiку Урана. Яны ўжо ведалi, што ён гаварыў з Плутонам, i адразу пацiкавiлiся:
— Як там, з Капэлы?
— Чакаем, — коратка адказаў Зыль i падумаў, што ён больш ахвотна паслухаў бы iх. Гэтым людзям было пра што расказаць. Iх жыццё праходзiла ў пастаянных сутыкненнях сам-насам з чужой i грознай прыродай. Яны былi даследчыкамi, першаадкрывальнiкамi. У iх будзённасцi была тая рызыка, якой, шчыра кажучы, часта неставала яму.
Зыль разумеў, што ў сорак з лiшнiм гадоў да чалавека павiнна прыйсцi разважлiвасць. I ўсё ж нiчога не мог з сабой зрабiць. Бо не хацеў пагаджацца са сваiм жыццём, у якiм усё было распiсана на шмат часу наперад. А яму, як i многiм фiзiчна не вельмi моцным людзям, хацелася, каб нешта здаралася, каб былi барацьба i перамогi.
Людзi яго часу не любiлi дакучаць адзiн аднаму. Убачыўшы, што Зыль не праяўляе ахвоты да размовы, субяседнiкi працягвалi гутарыць памiж сабой. А ён еў, слухаў, аб чым яны гавораць, i адчуваў, як зноў пачынае расцi незадаволенасць сабой.
Умовы жыцця на касмiчнай станцыi, калi вакол цябе больш робатаў, чым жывых людзей, якiя да таго ж заняты сваёй справай, паклалi адбiтак i на Зыля. Ён прывык разважаць сам з сабой, корпацца ў сваiх пачуццях. Адчуўшы незадаволенасць, ён адразу паспрабаваў адшукаць яе вытокi.
Пасля абеду ён доўга гуляў у дэндрарыi, слухаў iмiтацыю лясных шумаў, стараючыся пазбыцца свайго настрою. I не мог. Потым не вытрымаў i вярнуўся ў радыёрубку.
— Няўжо не ўсё перагаварылi? — пажартаваў радыст.
— Цi бываюць пабочныя радыёз'явы пры перадачы лазераграм? — не прымаючы лёгкага тону, спытаў Зыль.
Радыст здзiвiўся пытанню i адмоўна пакiваў галавой.
— Прашу прабачыць, — сказаў Зыль i выйшаў. Ён ужо зразумеў прычыну сваёй трывогi.
Апынуўшыся на Плутоне, Зыль адразу сабраў сваiх супрацоўнiкаў. Ён выслухаў рапарты, аддаў загады, якiя датычылi сустрэчы зоркалёта, i тады папрасiў:
— Раскажыце пра сiгнал.
Радыст адказаў, не задумваючыся:
— Думаю, гэта дубляж лазераграмы. Сiгнал, аднак, чамусьцi крыху змянiў напрамак i да нас прыйшоў ужо ў адлюстраваным выглядзе. Таму яго нельга прачытаць.
Вiдаць, думка была слушная, бо таварышы падтрымалi меркаванне радыста. Нiякiх iншых зоркалётаў у радыусе парсека зараз, паводле разлiкаў, не павiнна было быць. Хваля, на якой прагучаў сiгнал, была звычайная, не аварыйная. Значыць, яго перадавалi ў спакойнай абстаноўцы, спраўным апаратам.
Зыль адпусцiў супрацоўнiкаў. Застаўшыся адзiн, задумаўся. Так, усiм было ясна, што гэта такое. А ў яго засталiся сумненнi, не вырашыўшы якiх, ён не мог дазволiць сабе забыцца на сiгнал. Таварышы не пераканалi яго. Лазерная сувязь была вельмi надзейнай, i наўрад цi ў экiпажа зоркалёта мелася патрэба звяртацца яшчэ i да радыё. Разам з тым, калi нават дапусцiць, што гэта было зроблена, усё роўна выклiкала здзiўленне памылка ў накiраваннi радыёпромня. На зоркалёце ведалi, дзе знаходзiцца Плутон, вельмi дакладна. Яны не маглi паслаць сiгнал убок, спадзеючыся, што ён выпадкова ад нечага адаб'ецца i тады ўжо трапiць на месца. Iншая справа, калi яны не ведаюць каардынат. Але гэта проста немагчыма. Карты месцазнаходжання не толькi планет, а i ўсiх вядомых зорак у Сусвеце былi складзены на сотнi гадоў наперад. Такiя карты, безумоўна, знаходзiлiся i на борце зоркалёта, аб чым сведчыла сама лазераграма. Не, напэўна, праўда была на баку яго памочнiкаў.