Читать «Альбатрос» онлайн - страница 6
Станіслаў Лем
— Калега Міндэл, — на імгненне ён прыкусіў ніжнюю губу, — поўны ход.
Міндэл спачатку, відаць, быў разгублены, але нічога не прамовіў.
— Даць папярэджанне? — спытаў чалавек, які сядзеў побач з камандорам.
— Ага. Я сам. Дайце.
Ён падцягнуў да сябе мікрафон і стаў гаварыць:
— «Тытан» Марс — Зямля «Альбатросу-4». Ідзём да вас поўным ходам. Знаходзімся на граніцы вашага сектара. Будзем праз гадзіну. Паспрабуйце выйсці праз аварыйны люк. Будзем каля вас праз гадзіну. Ідзём поўным ходам. Трымайцеся. Трымайцеся. Канец.
Ён адштурхнуў мікрафон і ўстаў. Міндэл гаварыў па ўнутраным тэлефоне ля супрацьлеглай сцяны:
— Хлопцы, праз пяць хвілін поўны ход. Ага, так, — адказваў ён таму, хто быў на другім канцы провада.
Камандор выйшаў. З другога пакоя быў чуваць яго голас:
— Увага! Увага! Пасажыры! Увага! Увага! Пасажыры! Перадаём важнае паведамленне! Праз чатыры хвіліны наш карабель прыбавіць хуткасць. Мы атрымалі сігнал SOS і спяшаемся…
Нехта зачыніў дзверы. Міндэл дакрануўся да пляча Піркса.
— Трымайцеся за што-небудзь. Зараз будзе больш за два.
Піркс хітнуў галавой. Два жэ — гэта для яго нічога не значыла, але ён разумеў, што зараз не час выхваляцца сваёй вынослівасцю. Паслухмяна ўзяўся за падлакотнік крэсла, у якім сядзеў пажылы тэлеграфіст, і зноў чытаў праз яго плячо:
«Альбатрос чатыры Тытану кропка на працягу гадзіны не пратрымаюся на палубе кропка аварыйны люк заціснула пэнкаючымі шпангоўтамі кропка тэмпература ў рулявой рубцы 81 кропка пара паступае ў рубку кропка паспрабую разрэзаць браню на носе і выйсці кропка канец».
Міндэл выхапіў у яго з рук спісаны бланк і пабег у другі пакой. Калі ён адчыняў дзверы, падлога крыху здрыганулася, і ўсе адчулі, што іх целы набрынялі цяжарам.
Увайшоў камандор — ён ступаў з відочным высілкам. Сеў у сваё крэсла. Хтосьці падаў яму вісячы мікрафон. У руках ён трымаў скамячаны лісток — апошнюю радыёграму з «Альбатроса». Камандор выпрастаў лісток і доўга пазіраў на яго.
— «Тытан» Марс — Зямля «Альбатросу-4», — прамовіў ён нарэшце. — Будзем каля вас праз пяцьдзесят хвілін. Падыдзем курсам восемдзесят чатыры коска пятнаццаць кропка восемдзесят адзін коска два кропка пакідайце карабель. Пакідайце карабель. Мы знойдзем вас. Так, знойдзем вас. Трымайцеся. Канец.
Чалавек у расшпіленым кіцелі, які быў замяніў маладога сувязіста, раптам ускочыў і паглядзеў на камандора, які падышоў да яго. Тэлеграфіст зняў з галавы слухаўкі, аддаў іх камандору, а сам пачаў рэгуляваць назойліва хрыплівы рэпрадуктар. Раптам усе здранцвелі.
У кабіне стаялі людзі, якія лёталі ўжо шмат год, але гэткага ніхто з іх яшчэ не чуў. Той, чый голас чуўся з рэпрадуктара, змешаны з працяглым шумам, нібыта адгароджаны сцяной агню, крычаў:
— Альбатрос — усім — раствор — рулявая рубка — тэмпература — немагчыма — экіпаж да канца — бывайце — праводка…
Голас перапыніўся, і стаў чутны толькі шум.
З рэпрадуктара даносілася нейкае рыпенне. Было цяжка ўстаць, аднак усе падняліся, згорбіўшыся, абапіраючыся на металічныя сцены.
— «Балістычны восем» Месяцу Галоўнаму, — пачуўся моцны голас. — Іду да «Альбатроса-4». Дайце мне дарогу праз сектар 67, іду поўным ходам, манеўраваць пры абыходах не магу. Прыём.