Читать «Альбатрос» онлайн - страница 4
Станіслаў Лем
— Што-небудзь здарылася?
— Нічога асаблівага.
— Але штосьці змянілася. Вы не адчуваеце?
— Дробязь. Крыху павялічылася хуткасць, — сказаў ён.
Якраз цяпер быў самы час распачынаць з ёй гаворку. Ён зірнуў на яе. Колер валасоў не перашкаджаў. Яна была вельмі прыгожая.
Ён пайшоў наперад. Паскорыў крок. Жанчына, напэўна, падумала, што ён звар’яцеў. На сценах палубы красаваліся рознакаляровыя фрэскі. Праз дзверы з надпісам «КАНЕЦ ПАЛУБЫ — ПАБОЧНЫМ УВАХОД ЗАБАРОНЕНЫ» ён выйшаў у доўгі пусты калідор, які пры святле лямпаў аддаваў металічным бляскам. Замільгалі шэрагі дзвярэй з нумарамі. Ён кіраваўся далей. Арыентаваўся на слых. Падняўся па сходках на паўпаверха і спыніўся ля другіх дзвярэй. Сталёвых.
«УВАХОД ТОЛЬКІ ДЛЯ ЗОРНАГА ПЕРСАНАЛУ» — было напісана на таблічцы. Ого! Якія прыгожыя назвы прыдумаў гэты «Трансгалактык»!
Дзверы былі без клямкі, яны адчыняліся спецыяльным ключом, якога ў Піркса не было. Ён паднёс палец да носа. Секунду разважаў. І выстукаў марзянкай:
— Тап — тап — та-та-тап — тап — тап.
Ён чакаў каля хвіліны. Дзверы адчыніліся. Насуплены, пачырванелы твар з’явіўся ў шчыліне.
— Што вам патрэбна?
— Я пілот патрульнай службы, — адказаў ён.
Дзверы адчыніліся шырэй.
Ён увайшоў. Тут быў рэзервовы пульт кіравання — уздоўж адной сцяны была дубліруючая сістэма кіравання ракетнымі рухавікамі, якія змянялі кірунак. Насупраць — экраны аптычнага кантролю. Ля апаратаў стаяла некалькі крэслаў, усе яны зараз пуставалі. Адзін невысокі аўтамат кантраляваў мільгаценне лямпачак на пульце. На вузкім століку ля сцяны ў спецыяльных прыцісках стаялі шклянкі, да паловы парожнія. У паветры пахла свежазгатаванай кавай і нагрэтым пластыкам з ледзьве адчувальным дамешкам азону. Другія дзверы былі прыадчыненыя. З-за іх быў чуваць слабы піск умформера.
— SOS? — спытаўся Піркс у чалавека, які адчыніў яму.
Гэта быў даволі таўсматы мужчына з крыху напухлай, нібы ад флюса, шчакой. На валасах — след ад дугі слухавак. Ён быў у шэрай, на маланцы, напалову расшпіленай уніформе «Трансгалактыка». Сарочка вылезла са штаноў.
— Ага.
Мужчына нібыта вагаўся.
— Вы з патруля? — сказаў ён.
— З Базы. Лётаў два гады на трансуранавых арбітах. Я навігатар. Маё прозвішча Піркс.
Мужчына падаў яму руку.
— Міндэл. Ядзершчык.
Не прамовіўшы больш ні слова, яны перайшлі ў іншае памяшканне. Гэта была радыёрубка прамой сувязі. Вельмі прасторная. Чалавек дзесяць акружалі галоўны перадатчык. Два радыётэлеграфісты сядзелі са слухаўкамі на вушах — штосьці няспынна пісалі, апараты стукалі, пад падлогай папісквала. Кантрольныя лямпы гарэлі на ўсіх сценах. Усё гэта было падобна на міжгародную тэлефонную станцыю. Тэлеграфісты амаль ляжалі на сваіх століках-канторках. На іх былі толькі сарочкі і штаны. Твары іх блішчалі ад поту, — адзін быў бледны, другі, старэйшы, са шрамам на галаве, меў такі выгляд, нібыта нічога не здарылася. Дужка слухавак падзяляла валасы, і шрам быў добра бачны. Два чалавекі сядзелі крышку ўбаку; Піркс зірнуў на іх і ў адным пазнаў камандора, альбо, як клікалі яго тут — першага.