Читать «Эсэ» онлайн - страница 2
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
Аксана Сташэнка, дачка М. Старыцкага, піша: "Пятро Антонавіч паходжаннем з паўночнай Чарнігаўшчыны, ледзь не з Беларусі, хоць і лічыў сябе ўкраінцам, але ўкраінскаю моваю размаўляў дрэнна…" Вонкава суровы, ён мог і накрычаць, але ўсё роўна рабіў як лепей людзям. Паны крыўдавалі, што ён псуе сялян, заўсёды стаючы на іх бок, але ў спрэчках між сабою ўсё ж бралі трацейскім суддзёй заўсёды яго, ведаючы, што са шляху крыштальнага сумлення яго не зверне і цар.
Гэты чалавек, пакуль быў жывы, падбіраў кожную саломінку перад дачкою на нялёгкім яе шляху.
…Нейкія сем вёрст на ўсход ад Ковеля. Вёска Калодзежнае. Вялікі дом Касачоў немцы разабралі на бліндажы, і ў мой час яго толькі збіраліся аднаўляць, але ясна свяціўся на фоне дрэў "Лесін бяленькі дамок", пабудаваны бацькам, каб дзяўчо магло працаваць. Чатыры акенцы. Веранда. Мезанін, што выходзіць на маленькі балкон. Тут кожны год святкаваліся шаўчэнкаўскія гадавіны, ставілася лялечная п'еса пра Кармелюка, тут стаяла фартэпіяна, якому прысвечана кранальная элегія, тут пісаліся многія з ранніх вершаў. Першы яе верш, які дайшоў да нас, быў напісаны ў дзевяцігадовым узросце. Тут дзесяцігадовая дзяўчынка запісала два тоўстыя сшыткі народнымі песнямі. Сюды нелегальна прыязджаў з-за мяжы Іван Франко: пагаварыць з бацькамі, адпачыць, палавіць уюноў. Тут вялізны свет палескай фантазіі ўпершыню нарадзіў тыя вобразы, што пазней так ярасна будуць зіхацець у славутай "Лясной песні". Тут нарадзілася душа дзяцей, усё тое, што прымусіць іх, і ў тым ліку Лесю, лічыць, што "мы не чарнігаўскія і не палтаўскія, а мы палешукі". I адчуванне гэтай еднасці з Палессем будзе глыбокае, як возера Нячымнае ("нічым не дастаць дна"), ля якога жыў пасечнік Леў. У яго гасцявалі дзеці, і ён пазней стаў прататыпам "дзядзькі Льва" з "Песні".
Нячымнае таксама недалёка. 3 тванню ля аднаго берага, з глыбачэннай крыніцаю, з пнямі ад старых дубоў і сасновым борам. Усяго 25 кіламетраў ад Калодзежнага. Возера чыстаплёснае, верасовае і лугавое па берагах, надзіва зажуранае. I… пустое цяпер. Зусім пустое.
Тут жа непадалёку, толькі ў Луцку, пачалося і тое няшчасце, што на ўвесь век атруціла жыццё гэтаму незвычайнаму чалавеку. Дзесяцігадовае дзіця застудзіла ногі на вадохрышчы — было гэта, значыцца, 6 студзеня 1881 года, — прастаяўшы на лёдзе ўсю гэтую цырымонію… Палонка… Крыж з лёду, увянчаны голубам… Марозная пара ад вады… Чырвоныя ў сцюдзёным сонцы рызы…
I вось праз два гады ўсё гэта адгукнулася. Спачатку туберкулёзам левай рукі, пасля — нагі, на пачатку 900-х гадоў — лёгкіх і ўрэшце нырак і страўніка. А там прыйшла і заўчасная смерць. Пасля жыцця, праведзенага ў нялюдскіх — не на аднаго чалавека — пакутах. Таму і ў школе не была, а вучылася толькі ў прыватных настаўнікаў. Хоць тут магчымае і другое тлумачэнне: маці, напрыклад, казала, што ўсё гэта было не столькі праз хваробу, колькі таму, што яна, маці, баялася, каб казённая школа не разбурыла дзіцяці мову, характар, погляды.