Читать «Французская навела XX стагоддзя» онлайн - страница 2
Франсуаза Саган
Калі наглядчык адчыняў дзверы, ён заўжды прамаўляў адно слова, толькі адно, нібы гаварыў з кітайцам, ён гыркаў у камеру: «Хлеб», або «Перадача», або «Змоўкні!..» Таму што часам вязень, апанаваны незразумелым шаленствам, пачынаў раптам калаціць у жалезныя дзверы абодвума кулакамі... Так бывала і з ім — да таго, як яго скумісавалі... Што б там ні стала, яму трэба было ўбачыць каго-небудзь, няхай нават гэты сшарэлы твар з носам-кірпою, ці, прынамсі, каго пачуць — хоць бы тое адзінае слова, што праціскалася з вуснаў наглядчыка, як саламяная пацяруха з сенніка: «Змоўкні!..» Цяпер ён быў у наручніках. Яго справа пагоршылася. «Змоўкні...»
«Я нічога ім не сказаў...»
«Перадача» — у яго камеры гэтае слова не прамаўлялася. Яно было не для яго.
«Хлеб...» На падлозе валялася палова акрайца, у місе была наліта вада. Але ўсё гэта было даступнае не больш за парашу. Вязень вывернуў шыю і прымерыўся: як дастаць да місы, хоць трошкі змачыць сабе вусны, каб не расплёскаць усёй вады. Калі ў час абходу ніхто не зойдзе, давядзецца чакаць світання.
Гэта быў той змрочны час, калі турма нібы прачыналася. Сцены пачыналі гаварыць сваёю няўцямнай мовай: глухія стукі, то хуткія, то павольныя, самыя размаітыя спалучэнні кароткіх і доўгіх, гэтую дзіўную азбуку яму трэба было б даўно ведаць. Праз увесь будынак ішла размова, перадаваліся пытанні, гучалі адказы. Гэты час для яго быў заўжды катаваннем бяссільнасцю і надзеяй. Ужо сто разоў сусед з камеры побач цярпліва і ўпарта паўтараў заўсёды адзін сігнал. Ён спадзяваўся, што нарэшце яму адкажуць. І вось аднойчы вязень пастараўся паўтарыць гэты сігнал, ён біў у сцяну галавой. Але сакрэт мовы быў яму невядомы, і размова далей не ішла. Зрэшты, сёння ён быў такі слабы, што не мог нават гэтым сігналам засведчыць свайго жыцця. Канцэрт, што гучаў з усіх камер, адбіваўся рэхам у яго хворай, распухлай галаве. Няшчасны дарма прыслухоўваўся да перапляцення загадкавых гукаў. Ён не ведаў, чаго б яму хацелася болей: каб усе гэтыя людзі сціхлі ці, наадварот, — каб іх перастук перарос у аглушальны грукат, ад якога скаланаліся б сцены. Ён нагадваў таго, хто, не ведаючы азбукі Морзе, імкнецца пачуць у навушніках сігналы караблёў, што згубіліся ў моры. Ён сашчэпліваў зубы, заплюшчваў вочы, але быў няздольны заткнуць вушы. Відаць, пачыналася гарачка. Калі яна будзе досыць вялікая, яго могуць пакласці ў лазарэт. Але на гэта не трэба надта разлічваць. Ад такой гарачкі не паміраюць. Звон у вушах. І зноў, і зноў гэты глухі, упарты, настойлівы перастук. Божа мой, пра што ўсе яны гавораць? Ноч была невыносна задушлівая. «Я нічога ім не сказаў... я нічога ім не сказаў...» Па ім поўзалі мухі, тоўстыя і шумлівыя. Калі яны прабягалі па карку, вязень перасмыкаўся, як конь у аглоблях. Сверб на жываце было немагчыма больш трываць. Вязень паспрабаваў пачухацца аб матрац, але адно развярэдзіў боль у паясніцы. Гарачка. «Я нічога ім не сказаў...» Гэтая магічная фраза страціла сваю заспакаяльную сілу. Ён паўтараў яе механічна, без ніякай карысці. «Я нічога ім...» Пад павекамі паплылі каляровыя плямы, успыхвалі і адразу тухлі, невыразныя абрысы... статак качак у чароце... Сон упаў, як сетка на паляўнічую здабычу.