Читать «Фiялкi ў сераду (на белорусском языке)» онлайн - страница 4
Андрэ Моруа
- Ваша праўда, Бернар... Будзем раўнадушнымi, асцярожнымi i жорсткiмi.
- Гэта не жорсткасць, мадмуазэль, а жыццёвая мудрасць.
Мiнула некалькi тыдняў. Кожную сераду Жэннi акуратна атрымлiвала букецiк фiялак. У тэатры ўжо ўсе ведалi гэту гiсторыю. Адна з сябровак сказала Жэннi:
- Бачыла твайго студэнта... Нiшто сабе з твару, рамантычны... Гатовы тыпаж на ролю ў камедыi Мюсэ "З каханнем не жартуюць".
- А як ты пазнала, што ён мой?
- Якраз сышла ўнiз у той момант, калi ён, саромеючыся, прасiў дзяжурнага перадаць табе кветкi: "Паважанай панне Жэннi Сарб'е, калi ласка..." Мне ён спадабаўся. Далiкатны хлапчына, разумны, баiцца быць смешным i не ўмее схаваць свайго захаплення... Я нават пашкадавала, што ён не да мяне прыходзiць... Я б яго так не выпусцiла, аддзякавала б... Заўваж, ён нiчога не просiць, нiчым цябе не турбуе... Каб я была табою...
- Ты б яго прыняла?
- Так, але ненадоўга... Не першы тыдзень ён сюды ходзiць. Хутка вакацыi. Ты паедзеш... Нiякай рызыкi, што ён прывяжацца...
- Твая праўда, - згадзiлася Жэннi. - Гэта проста глупства не заўважаць паклоннiкаў, калi iх многа i яны маладыя, каб потым, гадоў праз трыццаць, бегаць за iмi, калi яны ўжо засвецяць лысiнамi i ў большасцi адвернуцца.
У той жа вечар, выходзячы, яна сказала вартаўнiку:
- Бернар, у наступную сераду, калi студэнт з Полiтэхнiчнага прыйдзе з фiялкамi, скажы, каб ён мне iх сам прынёс пасля трэцяга акта... Я iграю ў "Мiзантропе". Пераапранацца мне не трэба... Я буду ў прыбiральнi i прыму яго... Не! Я буду чакаць яго ў калiдоры каля лесвiцы... Альбо, можа, у фае.
- Добра... А мадмуазэль не баiцца?..
- Чаго баяцца? Дзён праз дзесяць я еду на гастролi, а гэтага хлопца з вучэльнi не пусцяць.
- Добра, мадмуазэль... Але ўсё ж, на мой погляд...
У прызначаную сераду Жэннi мiжвольна iграла Селiмену з асаблiвым запалам, каб спадабацца незнаёмаму. У антракце, зацiкаўленая i ўзрушаная, села ў кутку фае i чакала. Навокал шпацыравалi прывычныя наведвальнiкi. Рэжысёр нешта тлумачыў Бланш П'ерсон, тагачаснай сапернiцы Жэннi. Але чорны з пазалотай мундзiр нiдзе не паказваўся. Узнерваваная, нецярплiвая, яна пабегла да бiлецёраў:
- Мяне нiхто не пытаў?
- Нiхто, мадмуазэль.
- Сёння серада, i павiнны быць фiялкi. Можа, Бернар забыў iх перадаць?.. Непаразуменне нейкае...
- Непаразуменне!.. Якое непаразуменне, мадмуазэль?.. Калi жадаеце, я схаджу да дзяжурнага.
- Схадзiце... Альбо лепш, не трэба. Выходзячы, я пабачу Бернара сама.
Яна пачала здзекавацца з сябе: "Ну i жывёлiны ж мы! Месяцаў шэсць я амаль не звяртала ўвагi на яго бескарысную адданасць i раптам, не знайшоўшы паднашэння ад занядбанага мною паклоннiка, растрывожылася, як нявеста, страцiўшы жанiха. Ах, Селiмена, пашкадуеш ты Альцэста, калi ён з вялiкiм болем адыдзе ад цябе!"