Читать «Фiялкi ў сераду (на белорусском языке)» онлайн
Андрэ Моруа
Моруа Андрэ
Фiялкi ў сераду (на белорусском языке)
Андрэ Маруа
ФIЯЛКI Ў СЕРАДУ
- Ах, Жэннi, пабудзьце яшчэ!
Жэннi Сарб'е на званым снеданнi трымалася блiскуча. Анекдоты i гiсторыi, расказаныя з артыстычным запалам i скампанаваныя, як у лепшых белетрыстаў, чаргавалiся безупынна. Госцi Леона Ларана, узрушаныя, зачараваныя, пераможаныя, здавалася, жылi па-за межамi часу ў палоне шчаслiвых хвiлiн.
- Не, ужо амаль чатыры гадзiны, i сёння якраз серада... Вы ж ведаеце, Леон, што ў гэты дзень я нашу фiялкi свайму кавалеру.
- Якi жаль! - прамовiў ён гучным абрывiстым голасам, што так падабаўся на сцэне. - Знаю, знаю вашу вернасць!.. Прымушаць не буду.
Яна пацалавала жанчын, мужчыны пацалавалi ёй руку. Развiтаўшыся, Жэннi выйшла, i ўсе хорам пачалi яе хвалiць.
- Гэта проста дзiва! Колькi ёй гадоў, Леон?
- Пад восемдзесят. Калi я быў дзiцем i мая мацi вадзiла мяне на класiчныя ранiшнiкi ў Камедзi-Франсэз, Жэннi была ўжо славутай мальераўскай Селiменай. А я, самi бачыце, не юнак.
- Талент не мае ўзросту, - прамовiла Клер Менетрые. - А што гэта за гiсторыя з фiялкамi?
- О, ды тут цэлы раман, якi яна мне аднойчы расказала i нiдзе ёю не запiсаны... Але я не адважваюся выступаць пасля яе. Параўнанне будзе не на маю карысць.
- Вядома! Параўнаннi - рэч шкодная. Але мы вашы госцi, вы абавязаны нас займаць i павiнны замянiць Жэннi Сарб'е, якая нас кiнула.
- Добра! Я паспрабую... Раскажу вам гiсторыю з фiялкамi ў сераду. Баюся толькi, што вы знойдзеце яе занадта сентыментальнай для сучаснага густу...
- Давайце, давайце! - падбадзёрыў Бертран Шмiт. - Наш час прагне шчырых эмоцый. Ён толькi зверху прыкрыты грубасцю, нутро ў яго далiкатнае.
- Вы так думаеце? Ну, што ж!.. Я наталю вашу смагу... Вы ўсе тут мала пажылi яшчэ, каб помнiць велiч i красу даўнейшай Жэннi Сарб'е. Яе пышныя рыжаватыя валасы, што хвалямi спадалi на мармуровыя плечы, яе пiльны, прытоены позiрк, рэзкi, нават жорсткi голас, якi раптам ламаўся, увесь налiты пачуццямi, выдзялялi i падкрэслiвалi сiлу яе духу, яе гордае хараство.
- Цудоўны маналог, Леон!
- Магчыма. Толькi з моды выйшаў... Дзякую за падтрымку... У кансерваторыi ў 1895 годзе яна атрымала прэмiю i адразу ж была запрошана ў Камедзi-Франсэз. На жаль, я ведаю па сабе, як цяжка трымацца ў гэтым славутым тэатры. Рэпертуарныя амплуа строга замацаваны за пэўнымi асобамi, якiя iх раўнiва ахоўваюць. Самая здольная служанка можа дзесяць гадоў чакаць, пакуль ёй дадуць нешта вартае з Мальера альбо Марыво. Жэннi Сарб'е, абаяльная, прыгожая, наткнулася на каменную сцяну жанчын, праслаўленых, учэпiстых. Усякая другая пакарылася б i тапталася на месцы альбо праз два гады перакачавала б у тэатр на Вялiкiх Бульварах. Але не такой натуры была наша Жэннi. Яна дала бой. На гэта яна мабiлiзавала ўсё: свой талент актрысы, культуру, прывабнасць, свае цудоўныя валасы.
Вельмi хутка яна паднялася ў тэатры на самы высокi ўзровень. Дырэктар быў ад яе ў захапленнi. Драматургi патрабавалi, каб асаблiва адказныя ролi даручалiся ёй i нiкому больш. Крытыкi, як згаварыўшыся, курылi ёй фiмiям. Нават грозны Сарсэ пiсаў: "Яе мiмiка i жэсты могуць зачараваць i кракадзiла".