Читать «У чым яго крыўда?» онлайн - страница 2

Максім Гарэцкі

Для мужыкоў на тыя пагулянкі служыць свята. Але хлапцу вучонаму можна і ёсць куды пайсці з глухога Цёмналесся - хоць бы і не ў свята. Дзе ёсць царква, там ёсць і поп; у воласці ж ёсць пісар і памочнік; на пошце - паштавы начальнік; а для вучоных - «неперавучоных», ці тое не чытаўшых «Хітрае механікі» і з паліцыяй не гордых, тут ёсць і паліцэйскі ўраднік, быўшы фельдфебель гвардыі, чалавек адукаваны, які быў бы нават дужа задаволены ад знаёмасці з другім адукаваным чалавекам, а злашча жыўшы ў той глушы.

На жаль ці не на жаль, але Лявону было да іх не толькі падалёка, асабліва пры худаватай пары бацькавых коней, а і не любіў жа ён «усіх гэтых чарцей», як толькі можа не любіць усякага начальства наш мужык. Праўду кажуць, што прырода і навуку адалявае!

Далёка да мястэчка, дык далёка і да жыдоў - гэтай самай лічнай і больш дэмакратычнай, чым паны-хрысціяне, інтэлігенцыі нашага краю, толькі што лішне адгароджанай ад мужыка сваім сацыяльным станам і яшчэ болей сваімі каставымі забабонамі, часта прыкрытымі нават у яе лепшых прадстаўнікоў толькі бедным фігавым лістком. Ды не ў тым была б бяда, - вось ніводная вучоная жыдоўка не разумее Лявонавай адраджэнцкай беларушчыны і не будзе гаварыць з ім па-мужыцку. А можа, і Лявон - не без тых каставых і наогул сацыяльных забабонаў? Вотта ж, у кожным местачковым жыдоўскім доме, самым бедным, вокны з фіранкамі, чаго спрадвеку не вадзілася ў Цёмналессі і не было цяпер нават на вокнах у яго бацькі. Не жыдоўская ж у тым віна, але сядзеў у ім мужык, і з гэткае драбніцы, як фіранкі, думкі зусім не лагічна, не справядліва і ў гэтым жа прыпадку ганебна для дэмакрата, сацыяліста, хоць бы і беспартыйнага, якім быў Лявон, пераляталі на абраз, зусім паважны ў справе: вось сядзіць гандляр у крамцы, як слабенькі, але ўсё роўна подлы, павучок, і чакае на ўбогага, безграшовага мужыка, як на тую здохлую муху, каб з тым большай лёгкасцю, па сваіх сілках, высмактаць рэштачкі соку, не дбаючы аб якой іншай, цяжэйшай працы... І хоць вучоныя жыдоўкі маглі б троху прагнаць Лявонаву вучоную нуду і смагу, - яго шляхі да іх былі таксама перагароджаны мужыцкаю крывёю ў жылах ці тым, што хоць ні ў якім разе не ёсць і не было ніколі юдафобствам, але ж не сведчыць і аб рэвалюцыйным поступе... Праўда, у горадзе саромлівы Лявон з прыемнасцю, хаця і ўкрадня, заглядаўся на гожанькіх дзяўчат юдэйскага народу, і буржуек, і пралетарак, і звычайнага серадовага стану. І ўва ўсім горадзе найболей паважаў за рэвалюцыйныя ідэі свайго быўшага настаўніка юдэя-бундаўца.

Ёсць тут у ваколіцах і шляхта. Па праўдзе кажучы, у сваёй культуры, узятай, як той казаў, «у цэлым і агульным», шляхта гэтая не вялікае што супроць самых акаянных мужыкоў, - значыцца, працуе яна, як чорны вол, есць яна бульбу, у пісьменнасці яна ні бэ ні мэ, абуваецца яна ў лапці і анучы... Але ж у свята, ідучы ў царкву (тут шляхта праваслаўная), накладаюць шляхтуны на свае, па-мужыцку змуленыя шыі вялікія каўняры, хоць і не надта чыстыя і ўжо пажаўцелыя ад пераклонных лецяў, але ўсё ж, знакам тым, на іхны розум - панскія, а на Лявонаў - агульнаэўрапейскія; шляхцянкі ж напінаюць на свае, не ў крыўду будзь ім казана, потныя і немаленькія працоўныя рукі ніцяныя белыя пальчаткі і бяруць з сабою парасоны, не столькі дзеля сонейка і дажджу, колькі дзеля хараства. Нават на Лявонаў мужыцкі смак, парасоны гэтыя больш прыгожы на музейны погляд, бо маюць часам гадоў па дваццаць, а можа, і болей (наогул цяжка сказаць дакладна, колькі яны маюць гадоў); але як нешта з эўрапейскае матэрыяльнае культуры, а злашча ў прыгожае шляхцяначкі, маглі б яны, разам з не зусім мужыцкімі азнакамі і разумовае культуры ў шляхецкім жыцці, пацягнуць к сабе вучонага Задуму, ну хоць бы (падумаем, як ён), ну хоць бы для цікаўнасці. Аднак і шляхта, якую нават прыемна было яму дагнаць па дарозе да царквы і ўспомніць, гледзячы на тыя ўборы, усё, што дадзена было яму ў расейскай школе з гісторыі культуры ў яго родным краі, нават і яна грэбуе чорнай мужыцкай косткаю і прымае ў сваю кампанію вучонага мужыцкага хлапца толькі за яго вучонасць, паказаную навочна звездкаю на шапцы і бліскучымі, у два рады, гузікамі на форменнай тужурцы, бо за той яго вучонасцю ідзе і панскасць. «Дык няўжо ж хадзіць да іх, - думаў Лявон Задума, - дзеля тых іх каўняроў, пальчатак і старавечных парасонаў?»