Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 224

Эрих Мария Ремарк

Яна паглядзела на мяне.

— Пат, — сказаў я, — ёсць яшчэ і трэці варыянт: перастане дзьмуць фен, справа палепшыцца і мы паедзем.

Яна ўсё яшчэ дапытліва глядзела на мяне.

— Я баюся за цябе, Робі. Табе будзе цяжэй, чым мне.

— Давай пра гэта больш не гаварыць, — сказаў я.

— Я сказала гэта толькі, каб ты не думаў, што я сумую, — адказала яна.

— Я і не думаю, што ты сумуеш, — сказаў я.

Яна паклала мне руку на локаць.

— Знайдзі зноў цыганскі аркестр.

— Ты хочаш паслухаць?

— Хачу, каханы.

Я зноў уключыў прыёмнік, і спачатку ціха, а потым усё гучней і паўней у пакоі загучалі скрыпкі і жалейкі і прыглушаныя арпеджыа цымбалаў.

— Цудоўна, — сказала Пат. — Як вецер. Вецер, які нясе цябе.

Гэта быў вячэрні канцэрт з рэстарана ў адным парку Будапешта. Праз гукі музыкі часам даносіліся галасы кліентаў за стойкамі, час ад часу чуўся звонкі вясёлы ўскрык. Можна было ўявіць сабе, што робіцца там, на востраве Маргіт: каштаны пусцілі ўжо першую лістоту, і яна цьмяна мігціць пад месячным святлом і гайдаецца, быццам ад павеваў музыкі скрыпак. Магчыма, там ужо быў цёплы вечар, і людзі сядзяць на вольным паверты, а перад імі стаяць куфлі з жоўтым венгерскім віном, афіцыянты бегаюць у белых куртках пад музыку цыганскіх скрыпак. А потым яны пойдуць праз зялёнае змярканне, змораныя, дадому. А тут ляжыць Пат і ўсміхаецца, і яна ніколі не выйдзе з гэтага пакоя, ніколі не ўстане з гэтага ложка.

…Потым усё адбылося раптам хутка. Жывая плоць каханага твару стала раставаць. Вытыркнуліся скулы, на скронях праступілі косці. Рукі былі тонкія, як у дзіцяці, скабы тырчалі пад скурай. Ліхаманка ўсё часцей біла худое цела. Сястра прынесла кіслародныя балоны, лекар прыходзіў праз кожную гадзіну.

Аднойчы паполудні тэмпература невытлумачальна хутка ўпала. Пат прыйшла ў сябе і доўга глядзела на мяне.

— Дай мне люстэрка, — прашаптала яна.

— Навошта табе люстэрка? — сказаў я. — Адпачывай, Пат. Мне здаецца, што ты ўжо выкараскалася. У цябе няма тэмпературы.

— Не, — прашаптала яна сваім надламаным, перагарэлым голасам. — Дай мне люстэрка.

Я абышоў вакол ложка, узяў люстэрка і ўпусціў яго на падлогу. Яно разбілася.

— Прабач, — сказаў я. — Такая недарэчнасць. Проста выпала ў мяне з рук і разбілася адразу на тысячу асколкаў.

— У мяне ў кішэні ёсць яшчэ адно, Робі.

Гэта было маленькае люстэрка з храміраванага нікелю. Я павёў па ім рукой, каб хоць крыху засляпіць яго, і падаў Пат. Яна старанна працерла яго і напружана зазірнула.

— Табе трэба ехаць, каханы, — прашаптала яна.

— Чаму? Ці ты мяне больш не любіш?

— Табе больш нельга бачыць мяне. Гэта ўжо не я.

Я забраў у яе люстэрка.

— Гэтыя металёвыя штукі нікуды нягодныя, Пат. Ты толькі зірні, як я ў ім выглядаю. Бледны і худы. А я ж загарэлы і дужы. Гэта штуковіна ўся ў зморшчынах.