Читать «Сябра пазнаецца ў бядзе (на белорусском языке)» онлайн - страница 2
Сомерсет Моэм
Аднойчы я сядзеў у гасцiнай Гранд-атэля. Гэта было яшчэ да землятруса, i там стаялi скураныя крэслы. З вокан бачылася прасторная, ажыўленая гавань. Тут былi велiзарныя марскiя лайнеры, што накiроўвалiся ў Ванкувер i Сан-Францыска цi праз Шанхай, Ганконг i Сiнгапур - у Эўропу; грузавыя судны амаль з усiх куткоў свету, якiя бачылi i буры i непагадзь, джонкi з высокай кармой i каляровымi парусамi i незлiчоныя сампаны. Напружанае, клапатлiвае жыццё, але, не ведаю чаму, гэта вiдовiшча супакойвала душу. Рамантыка была побач: здавалася, выцягнi руку - i дакранешся да яе.
Неўзабаве ў гасцiнай з'явiўся Бертан. Убачыў мяне, падышоў i сеў у крэсла побач.
- Цi не прапусцiць нам па чарачцы?
Ён пляснуў у далонi, падзываючы слугу, i заказаў два кактэйлi. Калi слуга з'явiўся з падносам, па вулiцы праходзiў чалавек, якi ўбачыў мяне i прывiтаўся.
- Вы ведаеце Тэрнера? - спытаўся ён.
- Мы пазнаёмiлiся ў клубе. Мне расказвалi, што ён эмiгрант i жыве на грошы, якiя атрымлiвае з дому.
- Мабыць, праўда. Такiх людзей тут шмат.
- Ён добра гуляе ў брыдж.
- Як i ўсе яны. Тут быў адзiн летась, уявiце, мой цёзка - лепшага гульца я не сустракаў у жыццi. Думаю, у Лондане ён не трапляўся вам. Называў ён сябе Ленi Бертан. Я лiчу, раней ён належыў да якога-небудзь арыстакратычнага клуба.
- Не, не памятаю такога прозвiшча.
- Цудоўна гуляў у карты. Здавалася, ён валодаў нейкiм асаблiвым чуццём. Нават страшнавата. Я часта гуляў з iм. Нейкi час жыў у Кобе.
Бертан адпiў вiна.
- Даволi забаўная гiсторыя, - сказаў Бертан. - Неблагi хлопец. Мне падабаўся. Апранаўся заўжды з густам, нават франтавата. Прывабны, з кучаравымi валасамi, белатвары i ружовашчокi. Жанчыны на яго заглядалiся. Чалавек, увогуле, някепскi, ведаеце, толькi крыху валацуга. Пiў шмат. Такiя людзi заўжды многа п'юць. Трохi грошай ён атрымлiваў з дому, раз у тры месяцы, дый выйграваў нямала ў карты. I ў мяне таксама.
На твары ў Бертана з'явiлася лагодная ўсмешка. Я ўжо ведаў са свайго вопыту, што ён мог выкiдваць вялiкiя грошы, гўляючы ў брыдж. Ён правёў па сваiм добра выгаленым падбародку тонкай, амаль празрыстай рукой з напухлымi жыламi.
- Вiдаць, таму ён i прыйшоў да мяне, калi апынуўся без капейкi ў кiшэнi, i яшчэ, можа, таму, што ў нас былi аднолькавыя прозвiшчы. Аднойчы ён зайшоў да мяне ў кантору, шукаў работы. Я здзiвiўся. Ён растлумачыў, што больш не атрымлiвае грошай з дому i таму яму трэба працаваць. Я спытаўся, колькi яму гадоў.