Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 18

Леў Мікалаевіч Талстой

Ён прыехаў дадому і стаў расказваць жонцы. Жонка выслухала, але ў сярэдзіне ягонага расказа зайшла дачка ў капялюшыку: яна збіралася з маці ехаць. Яна нехаця прысела паслухаць гэтую нуду, але доўга не вытрымала, і маці не даслухала.

— Ну, я вельмі рада,— сказала жонка,— дык цяпер ты, глядзі ж, прымай акуратна лекі. Дай рэцэпт, я пашлю Гарасіма ў аптэку.— I яна пайшла апранацца.

Ён не пераводзіў духу, пакуль яна была ў пакоі, і цяжка ўздыхнуў, калі яна выйшла.

— Ну што ж,— сказаў ён.— Магчыма, і на самай справе нічога яшчэ...

Ён стаў прымаць лекі, выконваць прадпісанні доктара, якія змяніліся з выпадку даследавання мачы. Але тут якраз так здарылася, што ў гэтым даследаванні і ў тым, што павінна было адбыцца потым, атрымалася нейкая блытаніна. Да самога доктара нельга было дабрацца, а выходзіла, што рабілася не тое, што казаў яму доктар. Ці ён забыўся, ці схлусіў, ці ўтойваў ад яго штосьці.

Аднак Іван Ільіч усё ж дакладна стаў выконваць прадпісанні і ў гэтым знайшоў суцяшэнне на першы час.

Галоўным заняткам Івана Ільіча з часу наведвання доктара стала дакладнае выкананне прадпісанняў доктара адносна гігіены і прыёму лекаў і прыслухоўванне да свайго болю, да работы свайго арганізма. Галоўную ўвагу Івана Ільіча сталі цяпер займаць людскія хваробы і людское здароўе. Калі пры ім гаварылі пра хворых, пра нябожчыкаў, пра тых, хто ачуньваў, асабліва пра такую хваробу, якая нагадвала ягоную, ён стараўся схаваць сваё хваляванне, прыслухоўваўся, распытваў і ўсё параўноўваў са сваёй хваробай.

Боль не аціхаў; але Іван Ільіч рабіў над сабою намаганне, каб прымусіць сябе думаць, што яму ўжо лепей. I яму ўдавалася ашукваць сябе, пакуль яго нічога не хвалявала. Але як толькі здаралася непрыемнасць з жонкаю, няўдача на службе, кепскія карты ў вінце, дык ён адразу ж пачынаў адчуваць усю сілу свае хваробы; бывала, ён цярпеў гэтыя няўдачы і чакаў, што вось-вось мінецца благое, адужаецца, прыйдзе поспех, вялікі шлем. Цяпер жа любая няўдача падкошвала яго і ўганяла ў адчай. Ён казаў сабе: вось толькі што я стаў ачуньваць і лекі пачалі ўжо дзейнічаць, і вось гэта праклятае няшчасце ці непрыемнасць... I ён злаваў на няшчасце ці на людзей, якія рабілі яму непрыемнасці і забівалі яго, і адчуваў, як гэтая злосць забівае яго; аднак не мог стрымаць яе. Здавалася б, яму павінна было быць зразумела, што гэтая злосць яго на абставіны і людзей ускладняе ягоную хваробу і што таму трэба яму не звяртаць увагі на непрыемныя выпадковасці; але ён разважаў зусім па-іншаму: ён казаў, што яму патрэбен спакой, сачыў за ўсім, што парушала гэты спакой, і пры самым нязначным парушэнні страшэнна злаваў. Пагаршала ягонае становішча тое, што ён чытаў медыцынскія кнігі і раіўся з дактарамі. Пагоршанне ішло гэтак непрыкметна, што ён мог сябе ашукваць, параўноўваючы адзін дзень з адным,— розніцы было мала. Аднак калі ён раіўся з дактарамі, тады яму здавалася, што ідзе да горшага і нават вельмі хутка. I нягледзячы на гэта, ён увесь час раіўся з дактарамі.