Читать «Прарок для Айчыны» онлайн - страница 35

Аляксандр Лявонавіч Петрашкевіч

Івана Скарыны, яго бацькі, не атрымліваў, бо ён сам, Раман, атрымаў у спадчыну цалкам і па частках маёмасць таго ж Івана як праўдзівы і законны сын і спадчыннік, і некаторыя бацькавы даўгі, прызнаныя законнымі, ён ужо сплаціў, а яшчэ нясплочаныя гатоў сплаціць.

Мы [кароль] жадаем засведчыць гэта ўсім, каго датычыць, і загадваем гэтай граматай: каб вышэйназванага доктара Францыска Скарыну не выклікалі ні ў якія вашы судовыя інстанцыі і не судзілі за якія б ні было даўгі і маёмасць яго роднага брата... і каб пазбавілі яго ад нападаў і дамаганняў з боку ўсякіх крэдытораў якога б там ні былі абраду... І няхай не з'явяцца таму перашкодай якія б ні было лісты, любога зместу і даты, выдадзеныя нашай канцылярыяй супраць таго, каго мы вызваляем і аб'яўляем свабодным ад іх выплаты гэтай граматай. У пацвярджэнне чаго прыціснута наша пачаць. Дадзена ў Кракаве [21 лістапада] у год

1532-і праўлення нашага 26-ы».

С к а р г а р д ы я н (крыху абурыўшыся). Што ж вы трымаеце пры сабе такія паперы. ( Забірае ў Рамана ўказ, разглядае пячатку.) Выходзіць, вы свабодны, калега! ( Загадвае Вартаўніку. ) Мантыю доктару Скарыне.

С к а р ы н а. Свабодны я быў заўсёды. Абражаным жа аказаўся з ласкі мярзотнікаў. А таму прашу суд не проста вызваліць мяне з няволі, а згодна са звычаем і законам у судовым парадку прызнаць мяне невінаватым з самага пачатку. Тым больш што Раман прывёз каралеўскі ўказ і для вашай асабістай міласці. ( Вымае з-за пазухі скрутак, разгортвае і зачытвае. ) «Скарына быў несправядліва пасаджаны там у вас у турму і ў адносінах да яго раней не было знойдзена ніякага правасуддзя па яго праву... Мы даведаліся з данясення некаторых нашых дарадчыкаў, з тагачаснай пастановы вашага суда і з адкрытага сведчання, што... Францыск Скарына з'яўляецца вельмі паважаным і маёмасным чалавекам... Пры такім стане спраў загадваем вам гэтым указам неадкладна адпусціць згаданага Францыска Скарыну, які ў вас пасаджаны ў турму. Мы не хочам, каб нашы падданыя, перш за ўсё маёмасныя, па простым абвінавачванні кожнага так ганебна саджаліся ў турму». (Перадае ўказ Скаргардыяну. ) Скажыце, калега, а калі б кароль прыслаў пяты ўказ адсекчы мне галаву...

С к а р г а р д ы я н. Я служу каралю і выканаў бы яго волю. А што?

Я н. Добра было б, бурмістр, каб вы яшчэ служылі Богу, закону і людзям. (Хрысціць бурмістра, той цалуе яму руку.)

Усе суддзі выходзяць. Скарына абдымаецца з Раманам і Мацеем, потым з Янам. Вартаўнік прыносіць мантыю.

В а р т а ў н і к. Выходзьце, панове, а мы з доктарам пераапранемся...

Усе выходзяць. Скарына скідае лахманы, надзявае мантыю.

С к а р ы н а. Ну, і як яна мне? ( Паварочваецца перад Вартаўніком.)