Читать «Постаці» онлайн - страница 6
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
I, аднак, ён iдзе. Ён верыць у дабро, i яго вядзе па цяжкiх шляхах толькi адно:
— Дайце асветы майму народу. Дайце крыху болей асветы славянам. Тады iх, пiсьменных, абазнаных, нiхто ўжо не здолее пакрыўдзiць, як крыўдзiлi дагэтуль.
Так, прынамсi, лiчыў ён.
Выходзiць кнiга за кнiгай, i кожная — маленькае дзiва палiграфii. Вытанчаны, зграбны, чытэльны шрыфт, з выдумкай i густам зробленыя застаўкi i загалоўныя лiтары, выключныя па прыгажосцi i якасцi друку гравюры, якiя ўражваюць i зараз, i якiя можна разглядаць гадзiнамi. Народу так патрэбна прыгажосць! Не менш, чым веды i хлеб!
Ён робiць таленавiтыя кнiгi. Ён проста не можа рабiць iншых.
I вось ужо ўсе яны ляжаць перад iм. Такiх яшчэ не было. I ўсё гэта зрабiлi ягоныя рукi i рукi яго пражскiх сяброў.
Зрабiлi самi, без нiчыёй дапамогi, i гэта вiдаць не толькi па чыстай залатой мове, але i ў кожнай рысе гравюры, з якой паўстае славянскi тып ва ўсёй сваёй асаблiвасцi, дзе ўсё сваё: твары, вопратка, iнтэр'еры, нават сам пейзаж. I кожны славянiн, убачыўшы гравюру да "Руфi", успомнiць цягучую жнiўную песню над полем, мiгценне каласоў у вачах, шастанне сярпа i, магчыма, прыпомнiць, што i ён бачыў дзвюх бедных жанчын, якiя падбiралi каласы за жняцамi, i сцiснецца ў яго сэрца ад раптоўнай, вострай шкадобы да iх.
I ён убачыць гравюру да кнiгi "Эсфiр", i прачытае, i ўзненавiдзiць здраду i подлыя падкопы каралёў супраць сваiх народаў.
I ўбачыць будаўнiцтва Вавiлонскай вежы i зразумее, што адзiная несумненная каштоўнасць i адзiная велiч на зямлi ёсць Праца, i яе няма чаго саромецца, а саромецца трэба таго, што ты жывеш з працы другiх, бо ўмееш прадаваць iндульгенцыi i мянцець языком з амбона.
I ўбачыць Юдзiф з галавою Алаферна i зразумее, што няма на зямлi каштоўнасцi большай, чым родны край, i калi ўжо жанчыны, рызыкуючы жыццём i гонарам, пайшлi дзеля яго на ўсё, то мужчынам i пагатоў трэба.
Так ён i напiша ў сваёй прадмове: "Понеже ад прыражэнiя звери, ходяшчие в пустынi, знаюць ямы своя; птiцi, летающiе по воздуху, ведаюць гнезда своя; рiбы, плывающчыя по морю i в реках, чуюць вiры своя; пчолы i тым падобныя бароняць ульев своiх; така ж i людзi i где зродилися i ускормлены суць по бозе, к тому месту велiкую ласку iмаюць".
Шмат чаго ён яшчэ скажа. Скажа аб тым, што хрысцiянства — не суды над iншамыснымi, а бяззлобнасць i браталюбства, што абраных богам народаў няма, што ўсе браты i няма рознiцы мiж iмi. Ён падыдзе да "Бібліі" рацыянальна, як да крыніцы ведаў граматычных, музычных, астранамiчных. Як да таго, па чым можна вывучаць логiку, рыторыку, геаметрыю — усе не рэлiгiйныя, а свецкiя веды.
Ён скажа аб антычна-дэмакратычным iдэале мудрага i справядлiвага правiцеля, якi не просiць сабе "нi дзён многiх, нi багацця, нi жэ душ ворагаў", а просiць "мудрасцi", бо "без мудрасцi… немагчыма добра жыць людзям простым на зямлi".