Читать «Постаці» онлайн
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
Уладзімір Караткевіч
Постаці
Вера ў сілу дабрыні, або Сын Беларусі, сын Прагі
Ёсць на свеце гарады, якiя, з самага пачатку, радасна i балюча раняць тваё сэрца. Або, калi выславiцца iначай, заражаюць тваю душу вечную тугою па сабе. I не толькi тваю душу. Усякую.
Прага — адзiн з такiх гарадоў. Я думаю аб ёй як многiя i многiя тысячы людзей восемсот… чатырыста… сто год назад… зараз. Я ўжо ведаю, што нiколi не здолею адкiнуць думку аб ёй, што гэты горад будзе вечна i ўладна прыцягваць мяне да сябе. I як першую данiну маёй новай (i старой) любовi да яго, я хачу прынесцi яму сцiплае апавяданне аб адным чалавеку, для якога ён стаў другой духоўнай радзiмай.
Аб Францыску Скарыне (каля 1490 — каля 1551 гг.), вялiкiм беларускiм першадрукары, асветнiку, вучоным, мастаку. Першым сярод усходнiх славян доктары медыцыны. Першым (значна раней за Лютара) перакладчыку "Бiблii" на мову простага чарнарукага народа.
Кнiга "Быцця" — i асвета? Кнiга "Царстваў" — i гуманiзм? Цi не замнога мы бяром на сябе, называючы Скарыну асветнiкам i гуманiстам? Дзеля таго, каб адказаць на гэта, трэба зiрнуць на эпоху, у якую жыў гэты чалавек.
Людзi нiбы ачнулiся ад шматвекавога чаднага сну, у якiм ледзь не памёрла самая iдэя Чалавека. Iхнiя галовы яшчэ баляць рэлiгiйнымi догмамi i феадальнымi нормамi. Але лёгкiя ўжо хапаюць свежае паветра, прагна, захлынаючыся, з той цягай да рэзкага, гаючага ветру, якая лепей за усё гаворыць, што Чалавек, што Чалавецтва будуць жыць, якiя б Гернiкi i Асвенцiмы нi былi яшчэ суджаны iм на iхнiм шматпакутным шляху.
З-за мораў плывуць караблi, гружаныя спецыяй i золатам, багацеюць i робяцца мацнейшымi за феадалаў гарады, з-пад рук рамеснiкаў выходзяць рэчы, якiя мы i зараз лiчым шэдэўрамi. Як трава пасля доўгай зiмы, паўсюль з'яўляюцца дзiвосныя па багаццю талентаў людзi: паэты, дойлiды, фiлосафы, iнжынеры, мастакi.
I аднак, на думцы чалавека яшчэ вiсяць кайданы. Царква паўсюль рэгламентуе гэтую думку (змянiлася толькi тое, што думка болей не жадае пакоры i слухмяна цярпець гэта i, застаючыся рэлiгiйнай, прынамсi ў фiласофскiм аспекце, хоча мець права сумнявацца, мець права на ерась, мець права не ўсё браць на веру, нават калi гэта сказалi Майсей або Хрыстос).
Яшчэ паўсюль гараць жывыя факелы, i ў Англii "авечкi з'ядаюць людзей", — але з'явiлiся ужо Рабле i Леанарда да Вiнчы, Томас Мор i Кампанела, Мюнцар i Гус.
Разгромлена войска Мюнцара. Пасля тытанiчнай барацьбы з сiламi ўсяго свету прыдушаны рух гусiтаў. Жыццё — як агонь i ноч: дзiўная сумесь гуманiзму, якi ўсё больш уладна разгараецца ў душах — i самага бессаромнага, трыумфуючага цемрашальства.
На беларускiх землях яшчэ горш. Большая частка людзей увогуле не прачнулася, не адчувае неабходнасцi змен. Яны ўжо выраслi са старой вопраткi, але не саромеючыся носяць яе. Самыя перадавыя з надезяй глядзелi на Рэфармацыю, на гусiцкi рух, але цяпер страцiлi надзею i яны.
Як пiсаў пазней наш паэт Мiкола Гусоўскi ў сваёй "Песнi пра зубра":