Читать «Порт у тумане» онлайн - страница 69

Жорж Сименон

— Вы былі каханкай Раймона?

Яна апусціла павекі.

— І ён паехаў?

— Нікога не папярэдзіўшы. Ноччу. Мне сказаў пра гэта Эрнэст. Паехаў, узяўшы з сабою нейкую частку грошай з касы кампаніі.

— І Эрнэст ажаніўся з вамі? Ваш сын — не яго, праўда?

— Гэта сын Раймона. Уявіце сабе, калі ён паехаў і пакінуў мяне адну, я ўжо ведала, што стану маці. А Эрнэст прасіў маёй рукі. Вы толькі паглядзіце на гэтыя дамы, вуліцу, горад, дзе ўсе ведаюць адно аднаго.

— Вы сказалі яму праўду?

— Але. І ўсё ж такі ён ажаніўся са мною. Дзіця нарадзілася ў Італіі, дзе я правяла амаль год, каб пазбегнуць розных перасудаў. Я лічыла, што муж паводзіў сябе проста гераічна.

— А потым?

Яна адвярнулася, бо позірк яе ўпаў на мужава цела. Уздыхнуўшы, загаварыла зноў:

— Не ведаю. Думаю, ён кахаў мяне па-свойму. Ён хацеў, каб я стала яго жонкаю, — і атрымаў мяне, вы гэта можаце зразумець? Чалавек, няздольны да парыву. Ажаніўшыся, ён жыў, як і раней, для самога сябе. Я была часткай яго дома. Нешта накшталт даверанай асобы ў канторы. Не ведаю, ці паведамлялі яму пасля што-небудзь пра стрыечнага брата, але калі аднаго разу сын убачыў фатаграфію Раймона і спытаўся, хто гэта, Эрнэст толькі і сказаў:

— Стрыечны брат, які дрэнна скончыў.

Мэгрэ быў крыху ўсхваляваны: перад яго вачыма прайшло цэлае жыццё. І жыццё не аднаго чалавека, а цэлага дома, сям'і!

І гэтак праляцелі пятнаццаць гадоў! Купляліся новыя параходы. У гэтым вось пакоі ладзіліся прыёмы, партыі ў брыдж і абеды, вячэры…

Лета праводзілі ў Вістрэаме і ў гарах.

А цяпер пані Гранмэзон адчувала толькі стомленасць. Яна апусцілася ў крэсла, правяла рукою па твары.

— Не разумею, — прашаптала яна. — Гэты капітан… Я яго ніколі раней не бачыла. Вы сапраўды думаеце, што?..

Мэгрэ прыслухаўся і пайшоў адчыняць дзверы. За імі стаяў «дзядзька Бернар». Ён быў устрывожаны, але ўвайсці ў пакой не асмельваўся. Клерк дапытліва паглядзеў на камісара.

— Пан Гранмэзон памёр. Паведаміце гэта яго доктару. А служачым і слугам скажаце крыху пазней.

Мэгрэ зачыніў дзверы, сунуў быў руку ў кішэню па люльку, але перадумаў паліць.

У яго душы нарадзілася дзіўнае пачуццё сімпатыі, павагі да гэтай жанчыны, якая пры першай сустрэчы здалася яму вельмі банальнай істотай.

— Гэта муж паслаў вас учора ў Парыж?

— Але. Я не ведала, што Раймон у Францыі. Муж мяне проста папрасіў забраць сына з калежа і правесці з ім колькі дзён на поўдні. Я не разумела, нашто гэта трэба, аднак зрабіла, як ён хацеў. Але толькі я прыехала ў «Лютэцыю», Эрнэст пазваніў мне і сказаў, каб я не ішла ў калеж, а вярталася дамоў.

— А сёння раніцай вам званіў Раймон?

— Званіў. Прасіў тэрмінова прывезці яму крыху грошай. Кляўся, што ад гэтага залежыць наш далейшы спакой.

— Не вінаваціў вашага мужа?

— Не. Там, у халупе, ён нават не ўспомніў пра яго. Гаварыў пра нейкіх сяброў, маракоў, якім ён павінен заплаціць, перш чым паехаць з Францыі. Казаў яшчэ нешта пра нейкае караблекрушэнне.

Прыйшоў доктар, сябра сям'і. З жахам, не верачы вачам, глядзеў на труп.

— Пан Гранмэзон скончыў жыццё самагубствам! — цвёрда вымавіў Мэгрэ. — А вам трэба вызначыць хваробу, ад якой ён памёр. Вы мяне разумееце? Паліцыю я бяру на сябе…