Читать «Порт у тумане» онлайн - страница 66

Жорж Сименон

Першы паверх быў цалкам адведзены пад памяшканні кампаніі. У вялізным вестыбюлі па баках стаялі свяцільні з каванага жалеза. На другі паверх, які займалі муж і жонка Гранмэзон, вяла мармуровая лесвіца.

Мэр Вістрэама, пахмурны, злосны, чакаў, што скажа яму Мэгрэ.

— Што вы яшчэ хочаце ведаць? — ціха спытаў ён і, падняўшы каўнер паліто, насунуў капялюш на вочы, каб служачыя не бачылі яго твару, спляжанага кулакамі Вялікага Луі.

— Нічога асаблівага. Я толькі прашу ў вас дазволу пахадзіць тут, падыхаць паветрам дома.

— Я вам патрэбен?

— Не.

— У такім выпадку дазвольце мне падняцца да пані Гранмэзон.

Пачцівы тон, з якім ён гаварыў пра сваю жонку, ніяк не вязаўся з ранішняй сцэнаю ў халупе ў старой. Мэгрэ пачакаў, пакуль мэр падымецца па лесвіцы. Пасля прайшоў у канец калідора і пераканаўся, што ў доме быў толькі адзін выхад. Выйшаў на вуліцу, знайшоў непадалёк паліцэйскага і загадаў яму стаяць каля агароджы.

— Зразумелі? Выпускаць усіх, апроч суднаўладальніка. Вы яго ведаеце?

— Ну, як не ведаць!.. Але… што ён нарабіў? Такі чалавек!.. Вы знаеце, што ён старшыня гандлёвай палаты?

— Тым лепш!

Кабінет справа ў вестыбюлі «Генеральны сакратарыят». Мэгрэ пастукаў, адчыніў дзверы, удыхнуў пах цыгары, але нікога не ўбачыў.

Кабінет злева: «Дырэктар». Тая ж самавітая, урачыстая атмасфера, тыя ж цёмна-чырвоныя дываны, шпалеры з пазалотаю, столі з мудрагелістай лепкаю.

Уражанне такое, што ніхто не асмеліўся б размаўляць тут уголас. Камісар уявіў сабе перапоўненых годнасцю паноў, у візітках і штанах у палоску, з тоўстымі цыгарамі ў зубах, за дзелавой размоваю.

Самавітая кампанія! З традыцыямі, якія перадаюцца тут, у правінцыі, праз стагоддзі з пакалення ў пакаленне. «Пан Гранмэзон?.. Яго подпіс надзейны, як золата ў злітках».

Мэбля ў кабінеце была ў стылі ампір, які больш падыходзіў для галоўнага пакоя кампаніі. На сценах — фатаграфіі караблёў, статыстычныя табліцы, каляровыя графікі.

Мэгрэ хадзіў па кабінеце, засунуўшы рукі ў кішэні, калі ў дзвярах з'явіўся нейкі стары.

— Што гэта такое?! — разгубіўся ён.

— Паліцыя! — кінуў Мэгрэ такім сухім тонам, што збоку можна было падумаць: ён кажа так, любячы кантрасты.

Стары, збянтажаны ўжо дазвання, мала не закалаціўся.

— Не хвалюйцеся. Я расследую справу па даручэнні вашага патрона. Вы ж…

— Галоўны касір, — спешна пацвердзіў стары.

— Гэта вы служыце ў кампаніі вось ужо… вось ужо…

— Сорак два гады. Я пачынаў тут яшчэ пры пане Шарлі.

— Вельмі прыемна. Значыць, гэта ваш кабінет справа? Па сутнасці цяпер усё тут трымаецца на вас, праўда? Ва ўсякім выпадку мне так казалі.

Тут усё ў Мэгрэ ішло як па масле. Дастаткова было ўбачыць дом, пасля гэтага старога слугу, каб здагадацца пра ўсё.

— Гэта ж натуральна, вы не згодны? Калі пан Эрнэст адсутнічае…

— Пан Эрнэст?

— Пан Гранмэзон. Я ведаў яго, калі ён быў яшчэ зусім дзіця, вось і называю яго панам Эрнэстам.

Мэгрэ нібыта між іншым увайшоў у канторку старога. Гэта быў сціплы пакой, адчувалася, што наведнікаў тут не бывае. Затое стол быў завалены папкамі. Сярод іх ляжалі загорнутыя ў паперу бутэрброды. На спіртоўцы дыміўся маленькі кафейнік.