Читать «Пляцельшчыца крэслаў (на белорусском языке)» онлайн - страница 5

Мопассан Ги Де

- А яна... жанчына гэтая... яна ж i воз тут свой пакiнула? - запытаўся ён. - I што вы з той калымагай рабiць мяркуеце?

- Нiчога, забярыце яе сабе, калi хочаце.

- Добра. Яна мне спатрэбiцца: я зраблю з яе вартоўную ў гародзе.

Ён ужо намерыўся пайсцi. Я сказаў:

- Пасля яе засталiся стары конь ды два сабакi. Можа, забераце iх?

Ён азадачана прыпынiўся.

- Га?.. А... Ды не, не трэба. Навошта яны мне? Распараджайцеся ўжо гэтым самi!

Аптэкар засмяяўся. Потым ён падаў мне руку, i я пацiснуў яе. Што зробiш? Лекару з аптэкарам няможна варагаваць памiж сабою.

Сабакi засталiся ў мяне. Каня забраў кюрэ, у яго вялiкi двор. Воз ператварыўся ў вартоўню на гародзе ў Шукэ; а на грошы нябожчыцы ён прыдбаў пяць акцый чыгуначнай кампанii.

Вось тое адзiнае вялiкае каханне, з якiм я сутыкнуўся ў сваiм жыццi.

Доктар змоўк.

Маркiза, у вачах якой стаялi слёзы, уздыхнула:

- Пэўна, толькi жанчыны i ўмеюць кахаць па-сапраўднаму!