Читать «Пляцельшчыца крэслаў (на белорусском языке)» онлайн - страница 3

Мопассан Ги Де

Заварожаная, узрушаная, зачараваная праменнасцю каляровай вады, бляскам зiхоткiх крышталiкаў, яна яшчэ мацней палюбiла яго.

Яго вобраз нязгасна жыў у яе душы, i калi яшчэ праз год яна выпадкова натрапiла на маленькага Шукэ за школай, дзе ён гуляў у шарыкi з сябрамi, яна кiнулася да яго, сцiснула ў абдымках i пацалавала так моцна, што ён перапалохаўся i залямантаваў. Тады, каб суцешыць хлапчаня, яна падала яму грошы: тры франкi дваццаць сантымаў - сапраўдны скарб, у хлопчыка ажно вочы акруглелi ад неспадзяванкi.

Ён схаваў грошы ў кiшэню i дазволiў дзеўчаняцi лашчыць сябе столькi, колькi яна хацела.

Чатыры гады запар яна аддавала яму ўвесь свой грашовы прыпас, якi ён ахвоча прысвойваў у абмен на пяшчотныя пацалункi. Мелася ў яе то трыццаць су, то два франкi, то ўсяго дванаццаць су (яна аж плакала ад пакуты i прынiжэння, але той год быў кепскi), апошнiм разам яна падарыла яму цэлы пяцiфранковiк вялiкую круглую манецiну, ён ажно засмяяўся ўсцешана, калi ўбачыў.

Цяпер толькi пра яго яна i думала; ён таксама з пэўнай нецярплiвасцю чакаў, калi яна прыедзе, а заўважыўшы, бег насустрач, i сэрца ў дзяўчынкi гатовае было выскачыць з грудзей.

Потым ён знiк.

Яго паслалi вучыцца ў каледж. Яна даведалася пра гэта з асцярожных роспытаў. Тады яна ўсялякiмi хiтрыкамi стала дамагацца, каб бацькi перамянiлi свой маршрут i прыязджалi сюды ў той час, як пачыналiся школьныя вакацыi. Каб спраўдзiць задуманае, спатрэбiўся цэлы год. I атрымалася так, што яны не бачылiся ажно два гады запар; калi ж сустрэлiся, яна ледзьве пазнала яго, гэтак ён перамянiўся, вырас, пахарашэў, паважнеў у мундзiрчыку з залатымi гузiкамi. А ён прыкiнуўся, быццам не бачыць яе, i ганарыста прайшоў мiма.

Яна праплакала два днi; з гэтага часу пакутам яе не было канца.

Яна прыязджала сюды штогод, iшла ў яго навiдавоку, не асмельваючыся павiтацца, а ён i вокам не вёў у яе бок. Яна кахала яго да самазабыцця. Мне яна сказала:

- У мяне гэта быў адзiны мужчына на свеце, пане доктар, iншых проста не iснавала.

Бацькi яе памерлi. Яна прадаўжала рабiць тое, што рабiлi пры жыццi яны пляла i рамантавала крэслы, толькi замест аднаго сабакi завяла страшных двух, дражнiцца з якiмi не асмельваўся нiхто.

Неяк пры вяртаннi ў наш пасёлак, да якога навек прыкiпела яе сэрца, яна ўбачыла маладую жанчыну, якая выйшла з аптэкi подручкi з яе каханым Шукэ. Гэта была яго жонка. Ён ажанiўся.

У той вечар яна кiнулася ў ставок на плошчы перад ратушай. Нейкi запознены гулец выцягнуў яе з вады i прынёс у аптэку. Шукэ-сын, у халаце, выйшаў агледзець небараку i, нiбыта зусiм не пазнаў яе, раздзеў, расцёр, потым груба сказаў:

- Вы проста вар'ятка! Нельга ж быць такою бязмозглаю!

Гэтага аказалася даволi, каб яна ажыла: ён, ён загаварыў з ёю!.. Успамiн пра гэта яшчэ доўга поўнiў яе шчасцем.