Читать «Планета малпаў (на белорусском языке)» онлайн - страница 21
Пьер Буль
Але я не адразу звярнуў позiрк на забiтага - уся мая ўвага была скiраваная на гарылу. Я пiльна сачыў за ёю з таго самага моманту, як яна пачула шоргат, i быў дужа ўражаны багаццем яе мiмiкi: спачатку на мордзе ў гарылы чыталася напружлiвае чаканне паляўнiчага, якi пiльнуе дзiчыну, потым жорсткая радасць ад удалага стрэлу, а сама дзiўнае ва ўсiм гэтым было тое, што малпа выяўляла свае пачуццi гэтаксама ж, як i чалавек. Вось гэта i ўразiла мяне больш за ўсё: у вачах у гэтай жывёлы свяцiўся розум, якога зусiм не было ў людзей Сароры.
Але пачуццё небяспекi, што пагражала мне самому, хутка адагнала маё здзiўленне. Стрэл прымусiў мяне зноў глянуць на ахвяру, i я стаў сведкам яе перадсмяротнай агонii. Потым я з жахам заўважыў, што ўся прасека завалена чалавечымi целамi. Знiклi мае апошнiя iлюзii наконт убачанага. Крокаў за сто ад першай гарылы я заўважыў другую, адзетую гэтаксама ж. Гэта была аблава, фантастычная аблава, у якой паляўнiчыя былi малпы, растаўленыя ў ланцуг з аднолькавымi iнтэрваламi, а дзiчынаю - такiя ж, як я, людзi, мужчыны i жанчыны, чые голыя целы, прастрэленыя, скурчаныя, застылыя ў сама дзiкiх паставах, валялiся на скрываўленай зямлi. I сам я быў дзiчынаю!..
Не вытрымаўшы жудаснага вiдовiшча, я адвёў позiрк ад прасекi. Лепш ужо было глядзець на карыкатуру - i я зноў пачаў назiраць за гарылаю, якая перакрывала мне шлях наперад. Яна павярнулася, i я ўбачыў за яе спiнаю другую малпу, якая стаяла ззаду, бы слуга каля свайго гаспадара. Гэта быў шымпанзэ, шымпанзэ маленькага росту, вiдаць, яшчэ малады, але, клянуся, шымпанзэ! Адзеты ён быў праўда, не так вытанчана, як гарыла, а ў простую кашулю i штаны, аднак спрытна спраўляўся са сваiмi абавязкамi, якiя адразу ж сталi мне зразумелыя, калi гарыла працягнула яму стрэльбу, а ён падаў ёй другую, зараджаную. Потым шымпанзэ хутка дастаў з патранташа на поясе патроны, якiя блiснулi ў промнях Бетэльгейзе, i, перазарадзiўшы першую стрэльбу, зноў заняў сваё месца ззаду гарылы.
Усе гэтыя ўражаннi абвалiлiся на мяне ўмомант. Я спрабаваў абдумаць iх, прааналiзаваць, але часу на гэта не было. Левэн ляжаў побач са мною, здранцвелы ад страху, i нiчым не мог мне дапамагчы. Небяспека ўзрастала з кожнай секундаю. Загоншчыкi наблiжалiся. Гвалт i крыкi, усчатыя iмi, аглушалi. Нас ахапiла панiка, як дзiкiх звяроў, як гэтых няшчасных людзей, што прабягалi мiма нас. Племя, як выявiлася, было намнога больш люднае, чым я думаў, таму што мужчыны i жанчыны ўсё яшчэ выскоквалi на прасеку, дзе iх чакала жахлiвая смерць.
Аднак не ўсiх. Спрабуючы трымаць сябе ў руках, я назiраў з вышынi пагорка за паводзiнамi ўцекачоў. Большасць, звар'яцеўшы ад страху, з гвалтам ламiлася напрасткi праз кусты, даючы такiм чынам знаць пра сябе малпам, якiя расстрэльвалi людзей ва ўпор. Але некаторыя паводзiлi сябе больш асцярожна, як старыя кабаны-секачы, што пабывалi ўжо ў многiх аблавах i навучылiся ўсялякiм хiтрыкам. Гэтыя ўцекачы нячутна падбiралiся да прасекi, замiралi, чакаючы, пакуль блiжэйшы паляўнiчы адвернецца - i адразу ж выскоквалi з кустоў, iмгненна перасякаючы смертаносную зону. Многiм удавалася перабегчы праз усю прасеку i знiкнуць у непраглядным зараснiку на другiм баку.