Читать «Планета малпаў (на белорусском языке)» онлайн - страница 19
Пьер Буль
Ад гэтай какафонii, што разрывала раптам цiшыню джунгляў, ажно кроў у жылах стыла. Але я адчуваў: лясныя людзi выдатна разумеюць, што стаiць за ўсiм гэтым гармiдарам - iх палохалi не грукат i звон самi па сабе, а наблiжэнне зусiм пэўнай небяспекi. Гвалт нарастаў. Гэта была жудасная какафонiя, у якой змяшалiся глухi рокат барабанаў, рэзкi ляск i звон, быццам ад удараў у рондалi, крыкi. Больш за ўсё ўразiлi нас менавiта крыкi, таму што, хоць мы i не разумелi нi слова невядомай нам мовы, галасы былi, бясспрэчна, чалавечыя.
Вiдовiшча было, жахлiвае. Мужчыны, жанчыны, дзецi лёталi ва ўсiх напрамках па лясной паляне, натыкалiся адно на аднаго, падалi. Некаторыя караскалiся на дрэвы, бы спрабавалi схавацца там. Аднак неўзабаве некалькi больш пажылых мужчын, саўладаўшы з сабою, спынiлiся i пачалi прыслухоўвацца. Гвалт мацнеў досыць павольна. Ён даносiўся з таго боку, дзе лес быў асаблiва густы, i, здавалася, спараджалася ўся гэтая какафонiя не ў адным месцы, а ў некалькiх, прыблiзна аднолькава аддаленых ад нас. Усё гэта згадвала вялiкае паляванне, калi загоншчыкi гвалтам i крыкамi палохаюць звяроў.
Вiдаць, старэйшыны племенi прынялi нейкае рашэнне. Адрывiста павiскваючы што азначала, пэўна, нейкi сiгнал або загад, - яны кiнулiся бегчы ў другi ад грукату i звону бок. Астатнiя рванулiся ўслед за iмi, i мы ўбачылi, як усё племя ломiцца скрозь кусты, нiбыта статак спалоханых аленяў. Нова таксама кiнулася за iмi, але раптам спынiлася i павярнулася да нас - дакладней, як мне здалося, да мяне. З яе рота вырваўся нейкi адчайны стогн, мусiць, заклiк бегчы за ёю, пасля яна скокнула ў гушчар i iмгненна знiкла ў iм.
Гвалт рабiўся ўсё больш невыносны, i мне ўжо здавалася, што дзесьцi зусiм непадалёк трашчаць пад цяжкiмi ботамi галiнкi, сукi. Прызнаюся, я таксама страцiў галаву. Розум падказваў мне застацца на месцы i сустрэць новых сарорцаў, якiя - з кожнай секундаю я разумеў гэта ўсё больш пэўна перагуквалiся чалавечымi галасамi. Але пасля ўсiх выпрабаванняў, што выпалi на нашу долю, нервы мае былi ўжо нiкуды не вартыя. Жах Новы i яе сародзiчаў перадаўся i мне. Я не мог нi думаць, нi прымаць рашэннi, а проста iмчаўся ўслед за дзiкункаю, нават не падумаўшы параiцца з таварышамi.
Гэтак я прабег некалькi сотняў метраў, але дзяўчыну не дагнаў. Тут я заўважыў, што за мною бяжыць толькi Левэн. Вiдаць, прафесар у яго гадах не мог вытрываць такую шалёную гонку. Левэн, задыхаючыся, параўняўся са мною. Мы зiрнулi адзiн на аднаго; апроч страху быў у нашых позiрках i сорам: як гэта мы так - чалавекi?!. Я ўжо хацеў быў прапанаваць Левэну вярнуцца назад або хоць пачакаць нашага шэфа, як раптам зусiм iншыя гукi прымусiлi нас скалануцца.
Памылiцца я не мог. У джунглях грымелi стрэлы - адзiн, другi, потым яшчэ i яшчэ з няроўнымi паўзамi, iншы раз адзiночныя, iншы раз здвоеныя i дужа падобныя на дублеты нашых паляўнiчых. Стралялi дзесьцi наперадзе, перакрываючы ўцекачам дарогу. Але пакуль мы раздумвалi, што рабiць, ланцуг загоншчыкаў наблiзiўся амаль да нас - i тут узнiкла панiка. Не ведаю чаму, але стралянiна здалася мне менш небяспечнаю, ва ўсякiм разе, больш знаёмай i не такой страшнай, як гэты, бы ў пекле, вар'яцкi гармiдар. Iнстынктыўна, стараючыся, аднак, пазбягаць адкрытых месцаў i рухацца як мага цiшэй, я зноў кiнуўся бегчы. Левэн трымаўся мяне.