Читать «Перуновага племені дзеці» онлайн - страница 14
Анатоль Бутэвіч
А там, дзе малады прыгажун Ярыла ступаў сваімі босымі нагамі, густа каласілася жыта, прагна пілі жыццядайную сілу яравыя пасевы. Аднак простым людзям у гэты дзень забаранялася хадзіць босымі, бо інакш можна было зблытаць іх з божымі па¬сланнікамі. Калі ж нейкая жанчына адважвалася выгнаць кароў басанож і прайсціся па некранутай расе, яе маглі абазваць ведзьмай. Каб зняць чары, пастух павінен быў адлупцаваць кабету пугай.
У гонар Ярылы называлі паселішчы, урочышчы, іншыя мясціны. Напрыклад, у Ваўкавыскім раёне дагэтуль захавалася вёска Ярылаўка. Вобраз Ярылы ў паэтычнай творчасці беларусаў быў звязаны з казой. Мо за тое, што гэтая жывёліна мела неспакойны характар і юрлівыя паводзіны, была сімвалам пладавітасці і ўрадлівасці? Восенню ладзілася свята ўраджаю. Людзі добрымі словамі згадвалі шчодрага Ярылу, дзякавалі яму за спрыянне. Пасля гэтага ён спускаўся пад зямлю, дзе ўсю зіму змагаўся з богам цемры Чарнабогам. А ранняй вясной зноў з’яўляўся на зямлі пераможцам.
Пераемнікам Ярылы ў хрысціянскі час стаў святы велікамучанік Георгій Пераможац. У правай руцэ ён трымае кап’ё, якім забівае страшнага змея, што краў людзей, а тыя мусілі адкупляцца ад яго сваімі дзецьмі. Георгій перамог ненаеднага Цмока і тым самым уратаваў ад знішчэння чалавечы род. Свята Юрай, Юр’е, адзначалі двойчы: 6 мая і 9 снежня. Веснавы Юрай лічыўся святам пастухоў, бо ў гэты дзень упершыню выганялі кароў на расу. З гэтага дня і да позняй восені ваўкі не нападалі на кароў і коней, бо веснавы Юрай пазамыкаў ім раты. І толькі асенні Юрай адмыкаў іх.