Читать «Перуновага племені дзеці» онлайн - страница 13

Анатоль Бутэвіч

ЯРЫЛА

Ці ведаеце вы, калі ў беларусаў пачынаўся даўней новы год? А калі веснавы дзень раўняецца ночы? А з якога часу можна было араць зямлю? Аказваецца, усе гэтыя па¬дзеі звязаны між сабой. Да ўсіх іх мае непасрэднае дачыненне адзін з багоў дахрысціянскага пантэона беларусаў — бог Сонца, урадлівасці і пачуццёвага кахання Яры-ла. Ягонай спадарожніцай па жыцці была багіня вясны прыгажуня Ляля.

Трапяткім і нецярплівым было чаканне прыходу Ярылы. Пасля веснавога сонцавароту — 21 сакавіка — пачынала выходзіць з зімовай спячкі прырода, усё жывое прачыналася, набіралася сілы, дужэла. Штораз даўжэйшы дзень перамагаў цёмную ноч, светлавокая вясна пазбаўлялася чараў халоднай і панурай зімы. Усё гэта яшчэ раз мусіла пераканаць людзей, што жыццё нязводнае і бясконцае, што яно заўсёды пануе і панаваць будзе над смерцю.

І ён прыходзіў. Напорыста і імкліва. Па-маладому радасна і весела. Сваімі чароўнымі ключамі рашуча адмыкаў да жыцця зямлю, выпускаў на волю расу і клікаў лю¬дзей на поле. Журавы трубілі ў свае гучнагалосыя трубы — абвяшчалі з’яўленне Ярылы. Гэтую радасную вестку па ўсіх палях і паселішчах разносілі няўтомныя на спевы жаўрукі. Нездарма яны лічыліся Ярылавымі пасланцамі. Набрынялая зямля толькі цяпер станавілася плоднай. Пачынала расці трава, з’яўляліся першыя кветкі. Дружна апраналіся ў цнатлівыя лісцікі дрэвы. У іхніх галінах ладзілі гнёзды і спявалі песні кахання птушкі. Лес агучвала куванне зязюлі. У кустах заліваліся недасяжныя па майстэрству салаўі. Сагрэтае ласкавым сонейкам, усё на свеце адраджалася, станавілася маладым і дужым. Такім быў спрадвечны кругаварот жыцця.

Неўзабаве з выраю прыляталі ластаўкі, якія разам з голубам лічыліся божымі птушкамі. Нельга было разбураць ластаўчыныя гнёзды, бо хто зробіць гэта, у таго стане рабаціністым твар — на ім пасеюцца вяснушкі.

У гонар вясёлага бога беларусы ладзілі незабыўнае свята Ярылкі. Яго называлі яшчэ святам засевак. Адбывалася яно 27 красавіка па старым стылі. Маглі святкаваць і ў маі, чэрвені — на Сёмуху, на Купалле. Весела і займальна. Гэткі ж апантаны маладой неўтаймоўнасцю і юрлівасцю, захоплены каханнем, падвяселены хмельнымі напоямі быў і сам Ярыла. Ягоная стыхія — забавы, гульні, скокі, заляцанні, бязмежная весялосць. Таму і стаў ён апекуном пачуццёвага кахання і пладавітасці, шчаслівага шлюбу і сямейнага дабрабыту. Толькі на гэтым свяце юнакам і дзяўчатам дазвалялася пакаштаваць віна, якое здаўна лічылася напоем багоў. У гэты момант моладзь нібыта раўнялася з самім Ярылам. Аднак піць трэба было толькі крышку, адно каб узбудзіць пачуцці кахання і маладой захопленасці.

Вечарам на высокіх пагорках палілі вогнішы — каб убачыў іх сам Ярыла і завітаў у госці. Тут заканчваліся забавы і карагоды моладзі. На адыход людзі прасілі ў сонечнага бога цёплага лета, багатага ўраджаю, моцнага кахання, шчаслівага сямейнага жыцця ды здаровых дзетак.

А які ж ён быў — гэты гарэза і неўтаймоўны весялун бог Сонца Ярыла? Вядомы даследчык жыцця беларусаў Адам Кіркор зазначаў, што несмяротны сын Лады і Дажбога нагадваў маладога прыгожага юнака. Кучаравы. Светлавалосы. У белым плашчы і на белым кані басанож ездзіць гэты малойца па свеце. На галаве — вянок з першых палявых кветак. У левай руцэ — жменька жыта, у правай — па2ліца. Махне Ярыла жытам — ніва коласам багацее, па2ліцай махне — гром грыміць, дождж сыплецца. Конь у Ярылы таксама малады і нястрымны. Ён такі гарачы, што на адным месцы і хвіліны не пастаіць, «капытамі камяні разбівае, хвастом зямлю падмятае, вушамі далёка ваўка чуе, вачамі зоры лічыць», пісаў вучоны У.М. Дабравольскі. Куды конь нагу паставіць — шаўковая трава сцелецца, кветкі дзівосныя расцвітаюць, растаюць ад ягонага дыхання снежныя сляды бога холаду Зюзі.