Читать «Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў» онлайн - страница 75

Алесь Бадак

— Ты чула? — спытаў Гардзей.

— Што? — Луіза зрабіла выгляд, быццам нічога не зразумела, хоць, па праўдзе кажучы, яна ўсё цудоўна чула.

Нехта толькі што шаптаўся.

— А табе не здалося?

— Ды не.

— У любым выпадку, калі заходзіш у чужы дом, трэба вітацца,— сказала Луіза і гучна прамовіла: — Добры вечар!

— Вечар добры! — адказаў нехта нябачны.

— Ды ты што, звар'яцеў?! — зашыпеў на яго другі голас.

— Прабачце, што мы зайшлі сюды без запрашэння, але за намі гналіся... нейкія хлопцы,— як мага мякчэй прамовіла Луіза.

— Яны перакулілі мой водамабіль,— дадаў Гардзей, азіраючыся па баках.

— Гэта такая машына, якая працуе не на бензіне, а на вадзе,— растлумачыла Луіза.

— Ну і ну! — прашаптаў нехта нябачны.

Гардзей уважліва прыслухоўваўся да ўсіх гукаў у пакоі, і яму падалося, што апошнія словы пачуліся з-пад стала. Ён паволі, нібы баючыся, пачаў набліжацца да яго.

— Ну вось, я так і думаў, што гэтым усё скончыцца,— зноў пачуўся нечы шэпт.

Цяпер Гардзей ужо не сумняваўся, што размаўляюць пад сталом. Як толькі ён падышоў бліжэй, з-пад стала тут жа вылез чорны даўганосы Даберман і незадаволена сказаў:

— Прашу не палохацца. Перад вамі ўсяго толькі сабакі, якія ўмеюць размаўляць.

— Добры вечар,— віляючы рудым хвастом, з-пад стала вылез Сенбернар.— Прабачце, што мы адразу сустрэлі вас не вельмі гасцінна... пад сталом.

— О, мы зараз паспрабуем усё выправіць,— пачуўся нечы голас за спінамі Луізы і Гардзея.

Брат з сястрой азірнуліся і здзівіліся яшчэ больш. Аказалася, што цяпер з імі размаўляе Сіямская Кошка. Побач з ёй стаяла Маленькае Сіямскае Кацяня і з цікавасцю разглядала нечаканых гасцей.

— Што, і ты... і вы таксама ўмееце гаварыць чалавечым голасам? — разгублена спытаў Гардзей.

— Як бачыце,— сказала Сіямская Кошка.

— I нават вельмі добра умеем гаварыць,— пахвалілася Маленькае Сіямскае Кацяня.

— Калі ласка, сядайце,— Сіямская Кошка кіўнула на крэслы.— Вы, можа, галодныя? Хочаце чаю?

Але не паспелі Луіза з Гардзеем адказаць, як Маленькае Сіямскае Кацяня закрычала:

— Я, я сама прынясу ім кубачкі! I яно выскачыла за дзверы.

— Сенбернар,— лагодна папрасіла Сіямская Кошка,— прынясі, калі ласка, чайнік і цукар.

— Ну вось,— прабубніў Сенбернар,— знайшлі афіцыянта. Тым не менш, ён паслухмяна накіраваўся следам за Маленькім Сіямскім Кацянём.

Праз некалькі хвілін Луіза і Гардзей адкінуліся на мяккіх крэслах і частаваліся смачным гарачым чаем.

— Каб мне хто-небудзь расказаў, што такое можа сапраўды здарыцца, я б з яго толькі пасмяяўся,— пакруціў галавой Гардзей.

Луіза кінула на брата позірк, які гаварыў: ну вось, а ты не хацеў ісці сюды, бачыш, у якую незвычайную гісторыю мы трапілі!

Але Гардзей ніяк не адрэагаваў на гэты позірк. Ён зрабіў некалькі глыткоў чаю, прыжмуранымі вачыма паглядзеў па баках і спытаў, не ведаючы, да каго звярнуцца:

— А што, у гэтым доме няма святла? Тут так цёмна.

— Ну, як вам сказаць,— сумелася Сіямская Кошка.— Некалі, вядома, тут была электрычнасць. Але цяпер — толькі свечкі.

— А ў ім хто-небудзь жыве? — спытала Луіза, але адразу ж спахапілася і дадала: — Апроч вас, вядома, я мела на ўвазе.