Читать «Напісанае застаецца» онлайн - страница 24
Алесь Петрашкевіч
Скарына. Гэтай мярзоты не падпішу.
Біскуп. Работа на карысць святой інквізіцыі палегчыла б ваша становішча.
Скарына. Хопіць святой інквізіцыі і той ганебнай работы, якую выконвае на яе карысць ваша прападобнасць.
Iнквізітар. Назавіце нам сваіх духоўных настаўнікаў.
Скарына. Усіх назваць ці асноўных?
Інквізітар. У нас ёсць час. Пералічвайце і асноўных і ўсіх.
Скарына. Асноўны — дзяк Мяфодзій з Полацка.
Сенатар. Нездарма кажуць: якія настаўнікі, такія і вучні.
Скарына. Дарэмна спяшаецеся. Сярод маіх настаўнікаў, пан Сенатар, быў не толькі дзяк полацкі, але і кароль дацкі, у якога я меў гонар быць за сакратара. Сярод настаўнікаў любімых я назваў бы Арыстоцеля і Авіцэну, сярод асноўных — Сенеку і Цыцэрона, Галена і Гіпакрата. Добрымі дарадчыкамі былі мне Платон і Пталамей. Сёння сэрца маё належыць Франсуа Рабле і Эразму з Ротэрдама, Томасу Мору і…
Iнквізітар (
Сенатар. I ці не знайшлося ў ім месца для Яна Гуса і іншых богаадступнікаў, адлучаных ад царквы і спаленых на кастры?
Скарына. Сэрца чалавечае вялікае. Яно можа змясціць у сабе ўвесь свет.
Біскуп. Суд чакае ад вас раскаяння і толькі таму цярпліва выслухоўвае вашы дзёрзкія заявы.
Скарына. Пра раскаянне я з вамі яшчэ не дамаўляўся.
Інквізітар. Дамовімся, як толькі вызваліцца Кат.
Сенатар. Як вы трапілі ў Італію і чаму?
Скарына. Было б дзіўна абысці край, слава якога грыміць універсітэтамі Балонні, Сіены і Падуі!
Iнквізітар. Слава Італіі ў славе яго святасці Папы.
Скарына. Папы смертныя. Слава ж Італіі ў бессмяротнасці Дантэ Аліг’еры і Мікеланджэла Буанароці, Леанарда да Вінчы і Рафаэля Санці, Петраркі і Бакачыо, Джарджоне і Тыцыяна.
Сенатар. Неверагодна, што ён пляце?! Заткніце яму глотку!
Скарына. Не, неверагодна якраз тое, што Італія спарадзіла не толькі тытанаў розуму і мудрасці, але і кастры інквізіцыі… Італія слухала ўтрапёнага Саванаролу і вальнадумнага Пампанацы. У Італіі знайшоў сваю альма-матэр Мікалай Капернік.
Iнквізітар. Вы і гэтага лічыце разумнікам?
Скарына. Мне заўсёды шчасціла на сустрэчы з разумнымі людзьмі.
Біскуп. Выслухаўшы вас, мы, відаць, не зможам гэтым пахваліцца.
Сенатар. Далучаюся да вас, найшаноўнейшы айцец, бо я, як і вы, не магу пахваліцца, што сустракаў многа разумных людзей.
Скарына. «Пяцьдзясят гадоў жыву я на свеце, гадоў трыццаць шукаю разумных людзей і нідзе не знаходжу іх», — сказаў нехта філосафу Эмпедоклу. — «Мой дружа! — адказаў яму Эмпедокл. — Толькі разумныя знаходзяць разумных».
Нунцый (
Сенатар (
Скарына. Але не раней, чым вы праглынеце апошні кавалак. Інакш святое судзілішча не пачуе ўсёй той праўды, якую я абяцаў, а вы не адолееце адчування голаду.