Читать «Напісанае застаецца» онлайн - страница 21

Алесь Петрашкевіч

Энергічны стук у дзверы.

Іахім (седзячы на падлозе). Я ведаў, што гэтым скончыцца!.. Так стукае толькі інквізіцыя!.. Пойдзеш на касцёр ці палезеш у пограб?

Маргарыта. Палезу…

Iахім. Разумна. А падарунка я пачакаю. Каб я быў жыў, ён таго варты. (Ідзе адкрываць дзверы.)

Маргарыта (адкінуўшы крышку пограба). Пётра, ратуйся!

Мсціславец вылазіць з пограба і знікае. Уваходзіць Кат, за ім Iахім. Маргарыта жахаецца і лезе ў пограб.

Iахім. Ну і пасада ў цябе. Людзі шарахаюцца, як ад чумы.

Кат. Пасада як пасада, не горшая за тваю. А твае пастаяльцы і мае пацыенты, здаецца мне, золата і грошы ў лесе схавалі. Як ведалі, што ў цябе за пасада.

Iахім. Прадбачлівыя ерэтыкі.

Кат. З такімі, як ты, будзеш прадбачлівы. А Кваліфікатар хоча ўсё іх багацце сабе заграбці. Трэба перашкодзіць злодзею. А я тым часам з ерэтыкоў прызнанне выб’ю. I золата і грошы папалам падзелім.

Iахім. Па руках.

Кат. Па руках будзе, калі дасі добры задатак.

Iахім. Крыўдзіш недаверам.

Кат. Не першы дзень ведаю.

Iахім. Трымай! (Кідае капшук з грашыма.) I язык за зубамі таксама… (Заве.) Фрау Маргарыта?!

З’яўляецца Маргарыта.

Фрау Маргарыта, вы часам не ведаеце, дзе доктар Скарына схаваў золата і грошы, перш чым спыніцца ў маёй карчме?

Маргарыта. Золата і грошы? Якое золата? Што гэта вы гаворыце?!

Iахім. Не я гавару, фрау Маргарыта. Кат святога судзілішча расказвае. Доктар Скарына і ваш муж зараз у яго. А заутра на касцёр, абодвух. Хоць аднаго можна было б выратаваць. Выбірай каторага і гавары, дзе золата!

Маргарыта (не верыць сваім вушам). Як каторага?! Як спаляць? Чаму спаляць? За што спаляць?! (Падае на калені.) Я! Я! Я вінаватая!!! Госпадзі міласцівы, я загубіла абодвух!!! Я!!! За грэх мой тайны і мне, і ім кара страшная прызначана! Божачка міласэрны, злітуйся! Яны ж ведаць не ведаюць, што абодва мне сталі роднымі, абодва зрабіліся любымі. А я ж і сама не ведаю, як тое сталася, што любасць мая да іх падзялілася. Госпадзі праведны, ты ж грахі мае не адпусціш, крыж пакутачкі з мяне не здымеш… Адзіным сыночкам клянуся табе, Божачка, што перад судом тваім — чыстая, што перад мужам сваім — верная!

Іахім. Усё адно не будзе табе даравання, бо ў думках сваіх пры жывым мужы з каханым пралюбадзейнічала. А у святой Кнізе Левіт сказана: калі чалавек пралюбы садзеіць з мужняю жаной, то памруць пралюбадзей і пралюбадзейка.

Маргарыта. Чысты ён, як анёл! Мой грэх! Я люблю, а ён і не ведае!

Іахім. Табе я мог бы даць індульгенцыю на адпушчэнне грахоў, калі б сказала, дзе золата, і паднялася ў мой пакойчык… Палюбіўшы трэцяга, выратуеш аднаго з двух… Дык паднімешся?..

Кат надзявае пальчаткі і ідзе да Маргарыты.

Маргарыта (пасля доўгай паўзы). Паднімуся… (Устае з падлогі.)

Iахім. Вось і добра. Іахіму многа не трэба, але ён любіць па згодзе.

Маргарыта (рашуча і цвёрда). Паднімуся… на касцёр!!! I калі не заместа любых мне, то разам з імі!

Іахім замахваецца, каб ударыць Маргарыту.

Кат (Іахіму). Спыніся, стары грэшнік! (Глянуў на Маргарыту.) He па табе такая жанчына. Да кастра яна ў мяне пабудзе.

Іахім. Колькі сябе памятаю, пакуль сабяруся, абавязкова нехта перашкодзіць.