Читать «На вёсцы» онлайн - страница 2

Францішак Аляхновіч

Стасюк. Калі-б ты не захацела, то і не было-б трэба.

Ганулька. А што-ж мне тутака рабіць? Усё жыцьцё тутака сядзець, марнаваць сваё жыцьцё тутака?! Мне хочэцца жыць інакш.

Стасюк. Вось як! Значыцца, тое, што ты калісь казала, што любіш мяне - гэта непраўда. Непраўда, калі цяпер ты гэтак з лёгкім сэрцам кідаеш мяне на заўсёды!

Ганулька (ня шчыра). Ды не на заўсёды! Вось прыеду тутака можа у другое летка - тагды ізноў пабачымся.

Стасюк. Так доўга гэтага чэкаць! Я-ж хіба тут памру с тугі па табе!.. (раптам). Ганулька! і я паеду с табой да места!

Ганулька. Дурны ты! Што-ж ты тамака рабіць будзеш?

Стасюк. А буду вось жывёлу пасьвіць, як і тут.

Ганулька. Дурны Стасюк! Там пастухоў няма. Няма тамака ні палёў зялёных, ні гэтых горак, ні лясоў - ды сонейка інакш тамака сьвеціць...

Стасюк (здзівіўшыся). Няма? Дык як-жаж людзі там жывуць?

Ганулька. За тое іншых пекных рэчаў там ёсьць шмат. Крамы там з вялікімі-вялікімі вокнамі, а за шыбамі розныя пекныя лежаць матэрыі... А людзі там ходзяць усе такія выэлегантаваныя, у бліскучых боціках, на галовах капялюшы дзіўныя, а паненкі, у калеровых едвабях ды атласах.

Стасюк. І дзеля гэтага кідаеш ты мяне?.. (бярэ з зямлі вянок). У гэтакім вяночку на галаве ты для мяне прыгажэйшая за найпрыгажэйшую паненку у капялюшы... (кладзе ей на галаву вянок). Чакай... надзену на галованьку тваю і будзеш выгледаць як каралеўна.

Ганулька. Стасючок мой міленькі!.. (цалуе яго).

Стасюк (абыймае яе). Так добра тут! Тут сонцо сьвеціць ясна, тутака птушкі так весела пяюць, а калі ты пры мне, здаецца, што вось-вось неба адчыніцца перэда мной, - так добра мне, так шчасьліў я!.. А ты цяпер пакінуць мяне хочаш так бяз жалю, назаўсёды!..

(пяе):

Так хораша, добра жылося У вёсцы нам родненьнай той, Шумелі у полі калосься, А мы йшлі, абняўшысь, мяжой. Цябе мо ужо не пабачу, Калі цяпер кінеш мяне, Ганулька, мей літасьць, я плачу, Бо надта люблю-ж я цябе... Ганулька (пяе): Нямашака рады на гэта, Калі так казалі бацькі; Бог дасьць на другое мо лета Пабачыш мяне ізноў ты. І мне баліць сэрцо так сама, Павер-жа, саколік ты мой, Што-ж зробіш, вось бацька і мама Казлі растацца с табой.

(гаворэ): Будзь супакойны, Стасюк! Я буду памятаць аб табе і буду заўсёды цябе любіць... Але трэба ўжо сьпешацца, у хаце чакаюць мяне. Бывай здароў! (цалуе яго). А вяночак я засушу і схаваю у куфэрку і, глянўушы на яго, буду ўспамінаць цябе.

Стасюк (с прозьбай у голасе). Памятай аба мне!

Ганулька. Буду, буду заўсёды памятаць! (падаюць сабе рукі і разам пяюць).

Клянусь табе на захад сонца, Клянусь табе шумам палёў, Любіць цябе буду да гробу, Сустрэчы чакаючы йзноў. Памятаць цябе я буду Заўсёды праз усё жыцьцё, Ніколі цябе не забуду, Ты яснае сонцо маё.

Ганулька (гаворэ). Ну бывай здароў... Бягу ужо! (скора выбегае).

ЗЬЯВА IV.

Стасюк (адзін).

Стасюк. Ганулька! Чакай! Яшчэ хвіліну!.. (паўза). Пайшла! Пайшла і можа ўжо ня вернецца! Ніколі.. можа ўжо ніколі... О, якое-ж гэта страшное слова! (сядае на камені). Ганулька! Як-жаж я цяпер жыць буду без цябе!.. (пачынае плакаць).