Читать «Меч Рагвалода» онлайн - страница 22
Алесь Петрашкевіч
Феадосій (апускаецца на калені). Княжа любасны, не сячы з-за пляча! Сем разоў адмерай… Першая ж магчымасць за стагоддзі з’яднаць народы, замірыць плямёны, утаймаваць князёў-разбойнікаў, прынесці мір і паразуменне. Хіба не цячэ ў жылах тваіх кроў Рурыка і Рагвалода?! Сам сядзеш у Кіеве, а над дзясніцаю тваёй Полацк, Ноўгарад, Смаленск, Чарнігаў, Тмутаракань, не кажучы пра іншае! I полаўцы пацішэюць…
Усяслаў (у тон Феадосію). Адзін князь, адзін Бог, адна дзяржава…
Феадосій (ускокваючы з падлогі). Святыя словы, князь! Святыя словы!..
Усяслаў. Ты мне падабаешся, ойча…
Феадосій. Дык і я ж цябе ратаваў не за прыгожыя вочы…
Усяслаў. Вось за гэта дзякуй! (Да Данілы і княжычаў.) Вып’ем за здароўе ігумена Феадосія! Святы чалавек, хоць і хітры…
Усе выпіваюць.
Феадосій (закусваючы). Я не хітры — час ліхі.
Усяслаў. А я мудры — таму і збягу ў родны Полацк.
Феадосій. Я ўратаваў цябе, князь Усяслаў, а ты мяне Яраславічам на смерць аддаеш. Ізяслаў вынішчыць кіянаў, што вызвалілі цябе і княжычаў. Выходзіць, ты і ім здраджваеш…
Усяслаў. Уратаваўшы мяне, і ты і кіяне ўратавалі княства Полацкае. Я не магу яму здрадзіць.
Феадосій. Божа праведны, я здрадзіў не толькі Кіеву, але і самому сабе. А ты, княжа, сапраўды і разумны, і мудры.
Усяслаў (з усмешкай). Я яшчэ і хітры, як ты. (Вельмі сур’ёзна.) Бог табе суддзя, ойча. Будзем спадзявацца, што суд Яго будзе не надта строгі. Бог — справядлівы, а ты — сумленны. I хочаш шчасця і міру ўсёй Русі, мае ж памкненні больш сціплыя. Я хачу міру, спакою і шчасця сваёй зямлі Крыўскай. Яна можа гэтага дамагчыся, калі будзе з’яднанай, моцнай і ад Кіева незалежнай. А што да ўсёй вялікай Русі, то разлады і міжусобіцы Рурыкавічаў усё роўна прывядуць яе да заняпаду, а мо і да смерці. Не ўсё вялікае разумна і зусім не вечна… (Нечакана для прысутных.) А калі ляхаў паб’ю, то, можа, і тут застануся-затрымаюся. На ўсё воля Божая, як ты кажаш. А зараз, шаноўны ойча, адпускаю цябе і пад сваю ахову бяру. Адпачні і за мяне памаліся. Ты да Бога бліжэй за ўсіх. Ён цябе пачуе…
Феадосій (абнадзеена і ўзрадавана). Мілата вам і мір ад Бога, Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста. (Хрысціцца, кланяецца і выходзіць.)
Даніла (разгублена). Ты, княжа, гэта сапраўды… застанешся ў Кіеве ці жартам?..
Усяслаў. Усур’ёз і ў навуку табе і княжычам… Яраславічы нас ненавідзяць, баяры-хрысціяне не падтрымаюць, сваёй дружыны мы не маем, спадзявацца на кіеўскую чэрнь падстаў нямнога. За каго і дзеля каго ваяваць супраць людзей?! Збяжым у Полацк, і абавязкова! А калі — падумаем…
Глеб дэманстратыўна выходзіць. Сцэна паволі зацямняецца. Асвятляецца Летапісец.
Летапісец. «В лето 6577 (1069). Поиде Изяслав с Болеславомь на Всеслава; Всеслав жа поиде противу. И приде Белугороду Всеслав, и бывши нощи, утаивъся кыян, бежа из Белагорода Полотьску. Заутра же видевше людье князя бежавша, възвратишася Кыеву, и створиша вече, и послашася к Святославу и к Всеволоду, глаголюще: «Мы уже зло створили есмы, князя своего прогнавше, а се ведеть на ны Лядьскую землю, а поидета в град отца своего…»