Читать «Меч Рагвалода» онлайн - страница 19
Алесь Петрашкевіч
Даніла (падняўшыся з лавы). А я ўсё сказаў яшчэ там, на Падоле, і каля двара Брачыслава! (Узнёсла.) За волю! За свабоду! Слава князю Усяславу!
Воі (усе разам). Слава! Слава! Слава!
Даніла. Жыве зямля Полацкая!
Воі (усе разам). Жыве! Жыве! Жыве!
Усяслаў. Верным воям — слава!
Воі і музыкі (усе разам). Слава! Слава! Слава!
Урачыста звоняць званы. Музыкі і танцоры ідуць карагодам вакол Лады, спяваюць:
Па садзе, садзе зялёным, Хадзіла-гуляла маладая княгіня Марфа Усяслаўна. Яна з каменя скочыла на лютага змея; Абвіваецца люты змей Вакол чобата з зелен саф’яну, Вакол панчошкі шаўковай… Уся ўвага да Лады — яна танцуе. Задаволены, узбуджаны і расчулены Усяслаў па чарзе абдымае Данілу, вояў, Глеба. З’яўляецца ўзрушаны Рагвалод-Барыс.
Усяслаў (з папрокам). Мог бы і не пазніцца! Як-ніяк, а залаты пасад абмываем. Хоць і невялікае дзіва, але ж не так часта бывае.
Рагвалод-Барыс. Мы яго злавілі!..
Усяслаў. Каго злавілі?
Рагвалод-Барыс. Зараз пабачыш!.. Стаіць, гад, на каленях перад абразамі і моліцца, бы ў Кіеве нічога і не здарылася!
Усяслаў (вельмі зацікаўлена). Дзе ён?!
Рагвалод-Барыс. Тут, у сенях. Вяшчун пільнуе. (Выбягае ў сені і вяртаецца з Вешчуном. Той трымае канцы вяроўкі, якой звязаны рукі манаха, яго твар схаваны пад капюшонам. Вяшчун у вопратцы воя, пры шчыце і мячы.)
Вяшчун. Пакажыся вялікаму князю кіеўскаму, здраднік паршывы! (Здзірае капюшон з галавы манаха. Перад прысутнымі — ігумен Феадосій.)
Усяслаў (пасля доўгай паўзы). Ну дык што належыць ігумену Феадосію за фарысейства з крыжам на Ршы?.. Поруб?.. Укрыжаванне?..
Рагвалод-Барыс. Адсячэнне галавы ў іх на першым месцы.
Усяслаў. Дык што вы мне яго прывялі?! Калі адсячэнне, дык адсякайце!.. Ці мо ён хоча, каб я сам гэта зрабіў? Дык жа вялікі гонар будзе…
Феадосій. Калі Богу пажадана адсячэнне, я гатовы да адсячэння. Мне губляць няма чаго.
Усяслаў. Адсячэннем ды ўкрыжаваннем няхай у Царградзе і Рыме займаюцца. Мы яго па-нашаму караць будзем: атруту ў віно або з моста ў раку ці да конскага хваста прывяжам, як яны некалі нашага Перуна…
Даніла. Не спяшайся, князь.
Музыкі і танцоры з гікам ідуць у скокі вакол Феадосія. Сярод іншых асабліва стараецца Лада.
Феадосій. Гарэць будзеш, сарамніца, у агні пякельным!..
Даніла (надзвычай нервова). Вон!!! Усе вон!!!
Музыкі, танцоры паспешліва выбягаюць.
(Зусім спакойна.) Не спяшайся, князь. Я расказаць не паспеў. Ігумен Феадосій не толькі мяне і паплечнікаў маіх (ківае на вояў) хаваў у сваім манастыры. Ён яшчэ і Яраславічаў утрымаў, каб яны не забівалі цябе і княжычаў.
Глеб. Слава табе, Божа наш! (Апускаецца на калені і хрысціцца многа разоў, шэпча малітву.)
Усяслаў. Гэта ўжо цікава! (Да Феадосія.) Кары Гасподняй перапалохаўся ці іншы які інтарэс маеш да чарадзея, змея, ваўкалака і пярэваратня?..
Феадосій. Іншы і не малы, прытым даўно і ўсур’ёз…
Усяслаў. Ну, давай выкладвай! Толькі ведай, што здраднікаў я не цярплю, каму б яны ні здрадзілі і да каго б ні перабеглі.
Феадосій (ківае на Вешчуна). Не пры ім жа… З вока на вока гаварыць будзем.