Читать «Месячнае святло (на белорусском языке)» онлайн - страница 2

Мопассан Ги Де

I таму, выходзячы з кляштара, ён абтрасаў сутану i шпарка iшоў, быццам уцякаючы ад небяспекi.

Абат меў пляменнiцу, якая разам з мацi жыла ў суседнiм дамку. Ён настойлiва дамагаўся, каб яна сталася мiласэрнай сястрой.

Яна была прыгожанькая, легкадумная i смяшлiвая. Калi абат павучаў яе, яна смяялася, а калi злаваўся на яе, яна кiдалася яго цалаваць, прыцiскаючы да грудзей, i ён мiмаволi стараўся вырвацца з гэтых абдымкаў, адчуваючы, аднак, прыемную радасць абуджанага ў глыбiнi душы бацькоўскага пачуцця, якое дрэмле ў кожным мужчыне.

Часам, iдучы поруч з ёю палявой дарогай, ён гаварыў пра Бога, пра свайго Бога. Яна не надта яго слухала i глядзела на неба, на зёлкi, на кветкi; у вачах яе адбiвалася радасць жыцця. Часам яна кiдалася за матыльком i, прынёсшы яго, шчабятала: "Глядзiце, дзядзечка, якi ён прыгожы, нават хочацца яго пацалаваць!" I гэтая патрэба пацалаваць матылька цi кветачку бэзу непакоiла, раздражняла, абурала святара - ён i тут бачыў тую невыкараняльную пяшчоту, што заўсёды тоiцца ў жаночым сэрцы.

I вось аднойчы жонка закрыстыяна, якая вяла гаспадарку ў абата, паведамiла яму пад сакрэтам, што яго пляменнiца мае каханка.

Гэтая навiна так яго ўзрушыла, што яму нават мову заняло. Ён так i застаўся стаяць з намыленым тварам, бо якраз у гэты час галiўся.

Калi да яго зноў вярнулася здольнасць разважаць i гаварыць, ён усклiкнуў: "Няпраўда! Вы хлусiце, Мелянi!"

Але сялянка паклала руку на сэрца i прамовiла: "Хай Пан Бог мяне пакарае, калi я хлушу, пане кюрэ. Ды я ж вам кажу, яна ходзiць туды штовечар, як толькi вашая сястра кладзецца спаць. А той ужо чакае яе каля рэчкi. Iдзiце самi паглядзiце".

Ён кiнуў скрэбцi бараду i пачаў хадзiць з кута ў кут, як апантаны, як ён заўсёды рабiў падчас цяжкага роздуму. Узяўшыся зноў за галенне, ён тры разы парэзаўся, пакуль дайшоў ад носа да вушэй.

Ён маўчаў увесь дзень i ледзь не лопнуў ад гневу i абурэння. Як святара яго злавала гэтая непераможная моц кахання. Ён абураўся яшчэ i ад таго, што яго, духоўнага айца, апекуна, падманула, ашукала, увяло ў зман нейкае дзiця! Такое самае пачуццё абражанага самалюбства бывае ў бацькоў, калi дачка кажа iм, што выбрала сабе мужа без iх дазволу i супраць iх волi.

Павячэраўшы, ён паспрабаваў трошкi пачытаць, але нiчога не атрымалася. Яго абурэнне нарастала. Калi прабiла дзесяць гадзiн, ён узяў свой кiй - вялiзную дубiну, якую насiў з сабой падчас начных вiзiтаў, калi iшоў праведаць хворага. Ён задаволена паглядзеў на сваю зброю i пагрозлiва пакруцiў ёй у паветры важкая дубiна была нiбы лёгкая шабля ў яго моцнай сялянскай руцэ. Пасля ён раптоўна падняў яе i, скрыгнуўшы зубамi, ляснуў, што было моцы, па крэсле рэшткi спiнкi ўпалi на падлогу.

Ён адчынiў дзверы i ўжо сабраўся выйсцi, але спынiўся на парозе, уражаны ззяннем месяца, - рэдка надараецца ўбачыць яго такога прыгожага.

Абат меў палкую душу - такую самую мелi напэўна айцы царквы, гэтыя сапраўдныя паэты-летуценнiкi, - i таму ён раптам разгубiўся, усхваляваны велiчнай i супакойнай прыгажосцю светлай ночы.