Читать «Менуэт (на белорусском языке)» онлайн - страница 3

Мопассан Ги Де

I стары доўга, напышлiва хвалiў менуэт, але я нiчога не зразумеў i таму папрасiў, каб мне апiсалi ўсе па, усе рухi, усе пазiцыi. Ён збiўся ў адчаi, што не стае слоў, знерваваны i засмучаны.

I раптам павярнуўся да сваёй векапомнай сяброўкi, увесь час маўклiвай i сур'ёзнай:

- Элiз, хочаш... скажы, будзь ласкавая, цi не паказаць нам пану, як гэта было?

Яна трывожна азiрнулася i, не гаворачы нi слова, паднялася i стала насупраць яго.

I тут я ўбачыў незабыўнае.

Яны хадзiлi ўзад i ўперад, крыўлялiся, як дзецi, усмiхалiся, хiсталiся, кланялiся, падскоквалi, як дзве старыя лялькi, вымушаныя танцаваць старым, крыху разладжаным механiзмам, створаным калiсьцi вельмi спрытным майстрам паводле моды свайго часу.

Я глядзеў на iх, i сэрца хвалявалi незвычайныя пачуццi, невыказная меланхолiя ахапiла душу. Мне падалося, што перада мною ўбогiя камiчныя зданi, сiвыя прыхаднi цэлага стагоддзя. Мне хацелася смяяцца i плакаць.

Нечакана яны спынiлiся, фiгуры танца скончылiся. Некалькi iмгненняў яны стаялi адно перад адным, твары iх скрывiлiся, вочы замiргалi... Яны абнялiся i заплакалi.

Праз тры днi я выязджаў у правiнцыю. Я iх нiколi больш не ўбачыў. Калi праз два гады я вярнуўся ў Парыж, сад зматлашылi. Што сталася са старымi без iх даўняга саду са звiлiстымi сцяжынкамi, з пахам мiнулага i прыгожымi грабавымi абсадамi?

Памерлi? Цi блукаюць па сучасных вулiцах? А можа, гэтыя прывiды мiнулага, што нiколi не вернуцца ў свой век, танцуюць свой фантастычны менуэт у месячным святле сярод цвiнтарных кiпарысаў памiж магiламi ўздоўж сцежак?

Успамiн пра iх гняце, мучыць, не дае спакою, ранiць мяне i цяпер. Чаму гэтак? Не ведаю.

Вы, мусiць, будзеце смяяцца, не?