Читать «Менуэт (на белорусском языке)» онлайн - страница 2
Мопассан Ги Де
Стары быў худы, надта худы; яго кашчавы твар увесь час торгаўся i ўсмiхаўся, а жывыя вочы мiргалi, нi хвiлiны не застаючыся ў спакоi ад бесперапыннага трапятання павекаў; у руцэ ён заўсёды трымаў кiй з залатой булавешкай, якi, мусiць, быў яму нейкiм дарагiм успамiнам.
Спачатку гэты чалавек мяне здзiвiў, пасля вельмi зацiкавiў. I я сачыў за iм скрозь зялёныя сцены прысадаў, iшоў за iм здалёк, прыпыняўся на паваротах, каб ён мяне не заўважыў.
I вось аднае ранiцы, палiчыўшы, што ён адзiн, стары пачаў рабiць дзiўныя рухi: спачатку некалькi маленькiх скокаў, потым рэверанс; пасля ён выбiў нагою досыць яшчэ спрытнае антраша, пачаў зграбна, з падскокам круцiцца i смешна кружыцца, усмiхаючыся, нiбы перад гледачамi, кланяўся i вiтаўся, выгiнаў рукi, згiнаў сваё маленькае лялечнае цела, пасылаючы ў паветра далiкатныя вiтаннi, кранальныя i смешныя адначасова.
Я глядзеў, аслупянелы ад здзiўлення, i пытаўся ў сябе, хто з нас вар'ят, ён цi я.
Але раптам ён спынiўся, зрабiў некалькi крокаў наперад, як гэта робяць акцёры на сцэне, пакланiўся, адступаючыся назад з тонкай усмешкай i пасылаючы дрыгатлiвай рукой блазенскiя пацалункi ў бок двух радоў падрэзаных дрэў.
I потым зноў пачаў сур'ёзна праходжвацца. З гэтага дня я не зводзiў з яго вачэй; i шторанiцы ён паўтараў сваё бязглуздае практыкаванне.
Мной авалодала неўтаймавальная прага загаварыць з iм. Я асмелiўся i, павiтаўшыся, сказаў:
- А сёння неблагое надвор'е, пане.
Ён пакланiўся:
- Праўда, пане, такое самае надвор'е бывала ў даўнiя часы.
Праз тыдзень мы былi сябрамi, i я ведаў яго гiсторыю. Ён вучыў танцам у Оперы за Людовiкам XV. Прыгожы кiй падараваў яму граф дэ Клермон. I калi з iм пачыналi гаворку пра танцы, яго было не спынiць.
Неяк аднаго разу ён мне даверлiва сказаў:
- Я ажанiўся з Кастры, пане. Калi хочаце, я вас пазнаёмлю, але яна прыходзiць сюды толькi па абедзе. Разумееце, нам гэты сад - наша радасць i наша жыццё. Гэта ўсё, што нам застаецца ад мiнулага. Нам здаецца, што мы знiкнем, як толькi яго не будзе. Тут усё старое i высакароднае, праўда? Я быццам дыхаю паветрам, якое зусiм не змянiлася з майго юнацтва. Мы з жонкаю заўсёды гуляем тут па поўднi. Але я прыходжу сюды ранiцаю, бо ўстаю на золку.
Адразу пасля снедання я вярнуўся ў Люксембургскi сад i неўзабаве заўважыў свайго сябра, якi зграбна падаваў руку старэнькай жанчыне, з якою мяне пазнаёмiлi. Гэта была славутая Кастры, вялiкая танцорка, любiмая прынцамi, каралём, усiм гэтым шляхетным стагоддзем, ад якога нам нiбы застаўся пах кахання.
Мы селi на каменную лаўку. Быў травень. Водар кветак лiўся ў чысцюткiм садзе, сонейка струменiлася ў лiсцi i рассявала на нас вялiкiя кроплi святла, якiя пазалацiлi чорную сукенку Кастры.
Сад быў пусты.
Здалёк далятаў грукат фiякраў.
- Растлумачце вы мне, што такое быў менуэт? - спытаўся я ў старога танцора.
Ён страпянуўся.
- Менуэт, пане, гэта каралева танцаў i танец каралеў, чуеце? Як няма больш каралеў, няма больш менуэта.